Упершыню прапануецца апісанне літаратурнага вымаўлення больш за 117 000 слоў, у тым ліку новых запазычанняў. Слоўнік дае чытачу неабходныя звесткі пра вымаўленне праз падачу поўнай транскрыпцыі слоў, што бытуюць у сучаснай беларускай літаратурнай мове.
Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы — першы поўны акадэмічны слоўнік беларускай мовы, які фіксуе правілы літаратурнага вымаўлення. Выдадзены ў 2017 годзе. У аснову рэестра арфаэпічнагадаведніка, які складае больш за 117 тыс. слоў, пакладзены рэестр «Слоўніка беларускай мовы», выдадзенага пад навуковай рэдакцыяй А.А. Лукашанца і В.П. Русак (Беларуская навука, 2012). Комплекснае прадстаўленне сістэмы арфаэпічных норм сучаснай літаратурнай беларускай мовы падрыхтавана спецыялістамі двух інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі.
Слоўнік дае чытачу неабходныя звесткі пра вымаўленне праз падачу поўнай транскрыпцыі слоў. У транскрыпцыях пададзены як асноўныя, так і пабочныя націскі. Некаторыя словы пададзены з варыятыўным вымаўленнем.
ры́льца [ры́л’ца] ры́мар [ры́мар] рыма́рня [рыма́рн’а] ры́марскі [ры́марск’і] ры́марства [ры́марства] рыме́йк [рым’э́йк] // [рымэ́йк] рыме́йкер [рым’э́йк’эр] // [рымэ́йк’эр] ры̀мска-каталі́цкі [ры̀мскакатал’і́цк’і] ры́мскі [ры́мск’і] |
У якасці арфаэпічных норм у слоўніку ў першую чаргу замацаваны тыя варыянты вымаўлення, якія адпавядаюць традыцыям і тэндэнцыям развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Пры складанні слоўніка выкарыстоўваліся распрацаваныя С.І. Лысым і Ю.С. Гецэвічам алгарытмы канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю.
Прызначаецца мовазнаўцам, настаўнікам, выкладчыкам, студэнтам, журналістам, пісьменнікам і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі арфаэпіі беларускай мовы.