Наша Ніва: Што адбываецца з беларускай мовай — папулярна расказваем пра першы арфаэпічны слоўнік


Слоўнік яшчэ «гарачанькі», але ўжо паспеў нарабіць шуму. Для Беларусі яго выхад — гістарычная падзея, бо дагэтуль падобнага зборніка, дзе былі б сабраныя ўсе арфаэпічныя нормы, дзе тлумачылася б вымаўленне 117 тысяч беларускіх слоў, — увогуле не было. 

Магчыма, мы б і сёння не святкавалі яго з’яўленне, калі б у падрыхтоўку не ўключыліся тэхнары — спецыялісты Лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення. Лінгвісты кажуць, з іх дапамогай удалося ашчадзіць да 15 чалавека-гадоў.

Над першым арфаэпічным беларускім слоўнікам працавала каманда з двух інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук. Ад інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа — доктар філалагічных навук Валянціна Русак і кандыдат філалагічных навук Вераніка Мандзік. Ад Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі — кандыдат тэхнічных навук Юрась Гецэвіч і магістр фізіка-матэматычных навук Станіслаў Лысы.

Доктар філалагічных навук Валянціна Русак, кандыдат філалагічных навук Вераніка Мандзік і магістр фізіка-матэматычных навук Станіслаў Лысы

«НН»: Як сталася, што дагэтуль такога слоўніка не было?

Вераніка Мандзік: Гэта акурат паказвае на карпатлівасць і велізарны аб’ём працы. Нельга сказаць, што раней не рабіліся даследаванні ў галіне арфаэпіі і беларускага маўлення. Аднак без дапамогі тэхнічных сродкаў сістэмна, комплексна прадставіць усе арфаэпічныя нормы ў адным выданні і, больш за тое, кожнае слова даць у арфаэпічным выглядзе было б вельмі складана.

Валянціна Русак: Па самых сціплых падліках, мы ашчадзілі пяць-сем чалавека-гадоў. Але ў рэальнасці, хутчэй за ўсё, гэтая лічба была б нашмат большай — 12-15 гадоў.

Валянціна Русак

«НН»: Што гэта за тэхнічныя сродкі?

Валянціна Русак: Цяпер машына генеруе транскрыпцыю 117 тысяч слоў з дакладнасцю 98 працэнтаў. Чалавек можа збіцца, пайсці за сістэмай папярэдніх слоў, машына — не. Але перш чым яе навучыць, лінгвістам прыйшлося вельмі шмат папрацаваць.

Вераніка Мандзік: Ключавое слова — алгарытм. Мы бралі літарнае спалучэнне, напрыклад «све», і дапаўнялі алгарытм адпаведным правілам, па якім бы машына выдавала [с’в’э]. І так па кожнай пазіцыі. Для кожнага літарнага спалучэння, якое мела арфаэпічную спецыфіку, мы прапісвалі правіла. Былі неадназначныя пазіцыі, якія трэба было выверыць і абгрунтавана зацвердзіць. Гэта вялікі аб’ём лінгвістычнай працы. А далей ужо за справу ўзяліся нашы калегі-інфарматыкі. Яны ўклалі гэтыя правілы ў праграму і стварылі генератар, які пераўтварае арфаграфічны запіс слова ў яго фанетычную транскрыпцыю.

Станіслаў Лысы

Станіслаў Лысы: Нам удалося ўкласці ўсе пазіцыі ў некалькі сотняў правілаў. Што праўда, нялёгка было ўносіць у іх праўкі, бо, пакуль правіш адно правіла ў алгарытме, пяць ламаеш. Лінгвісты даюць нейкае правіла, глядзіш на яго і думаеш: ну вось жа яно, зараз я яго папраўлю. А па ходу выпраўляеш адну памылку — ствараеш пяць іншых. У выніку ўсё як бы паляпшаецца, але чым больш вузкае правіла, тым больш складана яго дадаваць.

Пра тое, што гэта за генератар, як ён з’явіўся і як працуе, чытайце тут

«НН»: Але, напэўна ж, былі нейкія словы-выключэнні, якія не падпадаюць пад алгарытмы, пад правілы?

Валянціна Русак: Асобных не сістэмных слоў у беларускай мове я не назаву. Яны ўсе ўсё адно знаходзяцца ў сістэме. Возьмем, напрыклад, «лязг» і «мозг». Машыну мы не навучылі, алгарытм першапачаткова не прапісалі, і так гэтыя словы і пайшлі ў выдавецтва з транскрыпцыяй, дзе «зг» на канцы слова не аглушаецца. Ужо ў апошні момант, калі мы праглядалі звярстаны варыянт, атрыманы з выдавецтва, вока зачапілася за гэтае «зг» і адзначыла — не тое. Спачатку заўважылі толькі адно слова — «лязг». А потым сталі думаць: няўжо адно? Задалі па машыне — адшукалася і «мозг». Такіх слоў усяго два, але гэта ўжо сістэма.

Вераніка Мандзік

«НН»: А што з фрыкатыўным і выбухным «г»?

Валянціна Русак: Таксама сістэмна прапісана ўсюды, дзе яно вымаўляецца. Дарэчы, пра агрэст, які вы згадваеце ў публікацыі пра слоўнік. Ніколі слова «агрэст» не вымаўлялася з выбухным «г»! Інакш і «грамата», і «зграя» мусілі б вымаўляцца гэтак жа. Магчыма, хтосьці з носьбітаў і вымаўляе «агрэст» з «г» выбухным, але гэта, хутчэй, асаблівасці дыялекту. У літаратурнай мове «г» выбухное ніколі не фіксавалася ў гэтым слове.

У беларускай мове з «г» выбухным больш за дзве сотні слоў. Гэтыя словы выбраныя машынай, тут памылак няма. Напрыклад, спалучэнне «кд» дае «г» выбухное, як у слове «анекдатычны».

Вераніка Мандзік: Гаворка пра тое, што гэта не толькі той «г», які сустракаецца ў запазычаных словах: той жа «гузік» ці «гонта». Гэтыя словы вымаўляюцца па традыцыі, так, як былі запазычаныя. Мы ж сістэмна прапісалі той выбухны «г», які ўзнікае ў слове пазіцыйна, а не этымалагічна. Этымалагічна мусіла б быць «к», але ў выніку азванчэння вымаўляецца акурат выбухны «г». Цяпер гэта прапісана сістэмна, ва ўсіх спалучэннях глухога «к» і звонкіх зычных. Раней у школах дзецям казалі пра некалькі выключэнняў, насамрэч слоў з выбухным «г» вельмі шмат.

Валянціна Русак: Пра гэта гаварылася ў папярэдніх навуковых працах фанетыстаў, але нідзе не было сабрана комплексна.

Акрамя таго, мы ўзялі на сябе адказнасць і ўпершыню прапісалі апазіцыю «в» — «ф». Раней мы мелі ў сучаснай беларускай мове і лексікаграфічных крыніцах усяго два зафіксаваныя словы на «в» канцавое: нерв і рэзерв. Нідзе не гаварылася пра тое, што рабіць з гэтым «в», як яго вымаўляць.

Вядомы фанетыст і эксперыментатар акадэмік Аляксандр Падлужны звяртаў увагу на гэтыя словы, але паколькі іх было ўсяго два, пазіцыя не была замацаваная, яна засталася па-за ўвагай даследчыкаў. Многія, напрыклад, схільныя вымаўляць на канцы ненатуральнае «ў» замест «ф», хоць гэта супярэчыць сістэме беларускай мовы: «ў» узнікае толькі пасля галосных, і ніколі — пасля зычных.

Цяпер мы маем нашмат больш такіх слоў: драйв, рэйв, дайв-клуб і іншыя. У арфаэпічным слоўніку апазіцыя «в» — «ф» ужо прапісаная, яе існаванне пацверджана эксперыментальна.

«НН»: Некаторыя настойваюць на тым, што беларуская мова павінна быць «мяккай». Маўляў, вымаўленне бі[знэ]с замест бі[з’н’э]с, бе[н]зін замест бе[н’]зін цалкам супярэчыць моўнай традыцыі.

Валянціна Русак: У «Слоўніку беларускай мовы» пад рэдакцыяй Бірылы (1987 год) сістэмна прапісана асіміляцыйнае змякчэнне «с», але словы «сфера» і «сфінкс» пададзены з цвёрдым свісцячым. На практыцы мы сутыкнуліся з тым, што вымаўляюць і мякка, і цвёрда. Што атрымае канчатковую фіксацыю ў мове, што будзе ўжывацца часцей, пакуль сказаць немагчыма. Можа, так і будуць суіснаваць два вымаўленні: [с’]фера і [с]фера, бе[н]зін і бе[н’]зін. А са словам «менеджар» дык і ўвогуле…

Вераніка Мандзік: Ведаеце, няма чаго спрачацца, калі гаворка ідзе пра новую лексіку. Яна яшчэ праходзіць працэс адаптацыі, і таму цалкам натуральна, што можа арфаэпічна афармляцца ў некалькіх варыянтах. Не так важна, якім шляхам прыходзіць лексіка. Нават калі яна праз рускую мову запазычваецца, гэта не мяняе сутнасці працэсу адаптацыі.

Тое, што на працягу доўгага часу могуць суіснаваць два варыянты, цалкам натуральна. Біцца лбом у сценку і казаць, што толькі адзін варыянт правільны, — папросту бессэнсоўна. Тым больш ні адзін з гэтых варыянтаў самой фанетычнай сістэме мовы не супярэчыць.

Ёсць у беларускай мове слова «Меркурый», а ёсць слова «мэбля». Для нашай мовы абсалютна натуральна мець і цвёрдае спалучэнне, і мяккае. А ўжо які варыянт больш жыццяздольны, гэта пакажа час.

Валянціна Русак: Што тычыцца пазіцыйных і спрэчных момантаў, то тут трэба абапірацца яшчэ і на традыцыю. У асобных падручніках рэкамендуецца вымаўляць [с’]кінуць, [з’]гінуць, [с’]хіліць. Але гэта супярэчыць традыцыям беларускай фанетыкі, паколькі яшчэ Браніслаў Тарашкевіч у «Беларускай граматыцы для школ», выдадзенай у 1918 годзе, і ў далейшых перавыданнях звяртае ўвагу на тое, што «скінуць», «згінуць» і «схіліць» трэба вымаўляць цвёрда. Гэта якраз аргумент на карысць таго, што можа быць і цвёрдае, і мяккае вымаўленне.

«НН»: Чым вы кіраваліся пры складанні слоўніка? Ці ацэньвалі жывую гаворку сучаснікаў?

Валянціна Русак: Мы ацэньвалі гаворку тых носьбітаў, якія ў сваёй прафесійнай дзейнасці карыстаюцца беларускай літаратурнай мовай. Даследавалі мову тэатра, мову навукоўцаў, настаўнікаў школ, выкладчыкаў ВНУ, студэнтаў, пісьменнікаў і ўвогуле людзей культуры.

Вераніка Мандзік: Запісвалі маўленне як пісьменнікаў новай генерацыі, якія прытрымліваюцца альтэрнатыўнага погляду на мову, так і пісьменнікаў больш сталага ўзросту, якія больш традыцыйныя ў адносінах да маўлення.

Былі некаторыя выпады ў наш бок, маўляў, для ўсіх нашых інфармантаў беларуская мова другасная, а першасная мова, якую яны засвоілі ў сям’і, у асяроддзі, — руская. Але гэта не так. Сапраўды, былі інфарманты, для якіх беларуская мова другасная, але былі і тыя, якія паходзяць з вёскі, якія былі ў моўным акружэнні хай сабе не літаратурнай беларускай мовы, але дыялектнай. Гэта, можа, яшчэ і лепш.

Валянціна Русак: Хачу дадаць, што мы тут таксама ішлі за традыцыяй, таму што Мікалай Бірыла — першы, хто звярнуў увагу на тое, што фанетыку беларускай мовы трэба вывучаць праз тэатр, дзе людзей прафесійна вучаць гаварыць. Бірыла сам неаднаразова хадзіў у Купалаўскі, слухаў акцёраў і ў выніку напісаў вялікі артыкул.

Таму ў нас склаўся непарыўны ланцужок: мы абапіраліся як на нашых пачынальнікаў, карыфеяў, так і на сучасную маладую генерацыю. У аснову ляглі працы Мікалая Бірылы, Аляксандра Падлужнага, Ліліі Выгоннай — тых фанетыстаў, якія вядомыя не толькі ў нас у краіне, але і шырока за яе межамі.

Дарэчы, Падлужны блізка супрацоўнічаў з Барысам Лабанавым, які цяпер працуе галоўным навуковым супрацоўнікам Лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення. Магчыма, я гэтым і кіравалася, калі прыйшла ў лабараторыю з просьбай дапамагчы. Два разы прасіць не прыйшлося, мы адразу знайшлі агульную мову, зацікаўленасць і атрымалі вось такі цудоўны вынік.

«НН»: У беларускую мову шмат словаў прыходзіць з рускай. Ці ідзём мы да таго, каб пазычаць наўпрост з замежных моў?

Валянціна Русак: Для нас гэта з’ява традыцыйная. Як ні круці, але руская і беларуская мовы — дзве найбольш блізкія славянскія мовы. Абедзве мовы дзяржаўныя, абедзве з роўнымі правамі і роўнымі магчымасцямі. Таму сёння запазычанні ідуць найперш праз рускую мову. Спачатку яны фіксуюцца ў новых слоўніках запазычанняў рускай мовы, а праз некаторы час прыходзяць у беларускую мову.

Вераніка Мандзік: З’яўляецца моўны кантэкст, які дазваляе сцвярджаць, што гэтае слова прыйшло і да нас у мову, што яно выкарыстоўваецца носьбітамі. Гэта дае падставу для яго фіксацыі і ўключэння ў перавыданні слоўнікаў.

Валянціна Русак: У лабараторыі Юрася Гецэвіча якраз адсочваюць усе новыя словы, якія з’яўляюцца ў беларускіх тэкстах, на беларускіх сэрвісах.

«НН»: Не магу не запытацца пра слова «спадар». У слоўніку яго няма. Чаму?

Валянціна Русак: Гэта не прэтэнзія і не папрок іншым слоўнікам, якія фіксуюць гэтае слова. Па-першае, усё зафіксаваць мы не можам. Па-другое, пазіцыю аўтараў ніхто не адмяняў. Што такое «спадар»? Гэта той жа «гаспадар», толькі з адсечаным пачаткам.

Дарэчы, у граматычным слоўніку за 2013 год гэтае слова ёсць.

Вераніка Мандзік: Паверце, гэта зроблена не спецыяльна. Мы нічога не маем супраць гэтага слова, хутчэй, наадварот. Проста мы бралі за аснову слоўнік, у корпусе якога гэтай лексемы няма, вось і ўсё. Але калі мы гаворым менавіта пра арфаэпічны слоўнік, то ў слове «спадар» ніякіх цяжкасцяў у вымаўленні мы не знойдзем. Таму трагедыі тут няма, пазней дадамо і гэтае слова.

«НН»: У якім кірунку цяпер развіваецца беларуская мова?

Вераніка Мандзік: Калі казаць пра вусную форму функцыянавання нашай мовы, то часам нават у маўленні людзей падрыхтаваных назіраецца варыянтнасць асіміляцыйнай мяккасці. Чалавек можа ў адным слове яе ўжываць, а ў іншым — не. Але гэта не паказвае на тое, што яна знікае, ні ў якім разе. Гэта гаворыць толькі пра тое, што маўленне — працэс нашмат больш спантанны, чым пісьмовая мова, якую мы свядома кантралюем.

І, шчыра кажучы, мяне не палохае тое, што хтосьці можа ўжываць асіміляцыйную мяккасць больш паслядоўна, а хтосьці — менш паслядоўна. Мяне насцярожвае іншае. З аднаго боку, гэта плюс, што людзі імкнуцца авалодаць беларускай мовай. Але калі я чую, што чалавек на публічным узроўні гаворыць па-беларуску [ч’]аста… Тут ужо ідзе гаворка пра разбурэнне сістэмы.

Зыходныя пазіцыі нашага беларускага маўлення — гэта зацвярдзеласць шыпячых гукаў. І калі я чую вось такія выпадкі, то гэта, хутчэй, нагода для роздуму і трывогі. Калі ж чалавек варыянтна ўжывае асіміляцыйную мяккасць, гэта нашу сістэму мовы не разбурае.

Мы пра нашу працу гаварыць можам доўга, бо мы яе любім. Гэта, можа, адна з самых галоўных умоў таго, што ў выніку нешта атрымліваецца. Камусьці гэта даспадобы, хтосьці знаходзіць нейкія заганы. І гэта таксама натуральна.

Немагчыма выдаць першы ў беларускім мовазнаўстве даведнік такога тыпу і зрабіць так, каб ён быў абсалютна ўсім даспадобы, каб ён быў ідэальным. Але мы стварылі прэцэдэнт. Мы стварылі тую працу, якую далей можна ўдасканальваць. Мы будзем толькі рады, калі будуць абгрунтаваныя заўвагі і пытанні.

Валянціна Русак: Што новае фарміруецца — гэта, я думаю, аўдыторыя зацікаўленых падрыхтаваных разумных людзей, якія валодаюць не адной мовай, людзей, якія ведаюць месца беларускай мовы не толькі ў славянскай прасторы, але і значна шырэй.

Памятаю, як першы раз зайшла ў Лабараторыю распазнавання і сінтэзу маўлення. Там усе размаўляюць на беларускай мове! Я адразу зразумела, што гэта тая аўдыторыя, тая моладзь, якая будзе прадстаўляць нашу мову ў свеце.

І не памылілася. Францыя, Англія, Іспанія захопленыя працамі беларускіх праграмістаў-лінгвістаў. Аддзел даволі вялікі, там працуюць 20 чалавек. Усе высокаадукаваныя людзі, зацікаўленыя ў беларускай мове і ў тым, каб рабіць усё дзеля папулярызацыі яе ў свеце.

Захоўвайце спасылку — сайт, які спросціць жыццё ўсім беларускамоўным

Афіцыйная прэзентацыя слоўніка чакаецца ў верасні, але фаліянт ужо заняў сваё месца на паліцах буйных кнігарняў.

Крыніца: Наша Ніва

Спампаваць (PDF, 1.84MB)

If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.