Навука: Моўная сінергія


За распрацоўку метадалогіі канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю і стварэнне першага поўнага беларускага лінгвістычнага даведніка адзначаны калектыў навукоўцаў НАН Беларусі. Ад Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа – доктар філалагічных навук Валянціна РУСАК і кандыдат філалагічных навук Вераніка МАНДЗІК. Ад Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) – магістр фізіка-матэматычных навук Станіслаў ЛЫСЫ (на фота) і кандыдат тэхнічных навук Юрась ГЕЦЭВІЧ.

image

Навукоўцы прадставілі поўную транскрыпцыю 117 тыс. слоў беларускай мовы. Прычым складаныя ці неўсталяваныя выпадкі падаюцца з варыянтамі вымаўлення. Таксама ў выданні сістэмна прадстаўлены пабочныя націскі ў складаных словах. Аналагаў гэтай працы няма на славянскай прасторы. Такое мог зрабіць толькі сапраўды апантаны сваёй працай калектыў.

Чаму арфаэпія? Справа ў тым, што вуснае ўжыванне беларускай мовы ўсё ж пашыраецца: яна гучыць на тэлебачанні, у тэатрах і аўдыторыях ВНУ. Але ці ўсе валодаюць узорным літаратурным маўленнем? «Нам трэба было і паказаць прыклад, і сістэматызаваць назапашаныя веды. Важна ўлічыць, што на асаблівасці маўлення ўплываюць мясцовыя дыялекты. За абразчык бярэцца мова цэнтральнай часткі Мінскай вобласці. Ды насамрэч мова – гэта своеасаблівы космас. Уявіце, мой калега Мікалай Нілавіч Крыўко ўсё жыццё працаваў над стварэннем слоўніка сінонімаў. І нават жыцця на гэтую справу не хапіла», – кажа В.Русак.

Паскорыць працу мовазнаўцаў здольны калегі з АІПІ. «Па самых сціплых падліках, мы ашчадзілі пяць чалавека-гадоў. Але без дапамогі камп’ютэрнай апрацоўкі гэтая лічба была б большай – 12–15 гадоў», – заўважае даследчыца, якая мае вялікі вопыт працы над складаннем слоўнікаў. Сёння яны шукаюць зацікаўленых калег за межамі краіны. Напрыклад, Ю.Гецэвіч выйграў грант на стажыроўку ў Германіі, дзе не толькі знаёміцца з аналагічнымі напрацоўкамі, але і прадстаўляе нашы поспехі.

Беларуская мова прыцягвае ўвагу навукоўцаў з іншых краін не толькі сваёй сакавітасцю, але і зразумеласцю. «Калі гаворыш па-беларуску, няма, нават, праблем у камунікацыі з палякамі, чэхамі, украінцамі. Хацелася, каб у будучым у нас з’явіўся сінхронны перакладчык з беларускай на іншыя мовы свету. Уявіце, як было б добра чуць з міжнароднай трыбуны выступ па-беларуску. А хто хоча зразумець сэнс – калі ласка, гучыць і пераклад. Вельмі важна, што такія даследаванні своечасовыя – гэта пашырыць нашы моўныя абсягі», – заўважае В.Мандзік.

Акрамя карэкцыі маўлення ёсць попыт і на дапамогу ў праверцы арфаграфіі і пунктуацыі. Нават сёння мы ўсё яшчэ не маем якасных электронных перакладчыкаў і праграм праверкі тэкстаў. А яны вельмі патрэбны і навучэнцам, і тым, хто штодня піша на роднай мове. Зараз спецыялісты з АІПІ развіваюць такую праграму на базе платформы corpus.by. Добра, каб памкненні былі кансаліда­ваны і падтрыманы на ўзроўні дзяржаўных праектаў. Моцы і задумаў хапае. Ёсць і гіпатэтычны экспартны патэнцыял: зараз цікавасць да вывучэння нашай мовы праяўляюць славісты з розных універсітэтаў свету. Пакуль што навукоўцы разлічваюць і на фінансавую падтрымку з боку фонда фундаментальных даследа­ванняў. «Нам не хапае агульнай трывалай электроннай моўнай платформы, няма вялікага адваротнага слоўніка беларускай мовы, у якім вельмі зацікаўлены літаратары і лінгвісты», – заўважае В.Русак.

Цікава, што ў кожнага шлях да мовы, як і да храма, – свой. С.Лысы адзначае: ён з сям’і каталікоў, дзе мова лічыцца Божым дарам і адмаўляцца ад яе – грэх. Больш за тое, павага да беларускай мовы прыйшла з дзяцінства прыкладам бацькоў. Роднае слова неад’емна ішло поруч з ім ад самага нараджэння. В.Мандзік узгадвае, што любоў да мовы ёй прывіла школа і бабуля. Для многіх з нас родная мова ў рэкламных роліках, крамах стала арганічнай. Вучоныя пагаджаюцца: шлях да сэрца моладзі можа пралягаць праз цікавыя конкурсы ці праграмы для мабільных тэлефонаў. Дык можа такім неназойлівым чынам прапанавання і варта памнажаць ужыванне роднага слова?!

В.Русак не пагаджаецца са сцвярджэннем прадстаўнікоў ЮНЕСКА, згодна з якім у будучым беларускай мове пагражае знікненне. Наша мова развіваецца, выкарыстоўваецца ў розных сферах жыцця, а пераўпэўніць замежных скептыкаў трэба больш шырокім яе прадстаўленнем на міжнародным узроўні. Дарэчы, прыстасаваная яна і да напісання навуковых артыкулаў па любых дысцып­лінах.

Спадзяемся, моўная сінергія памкненняў маладых калег і вопыту іх сталых таварышаў дасць новыя вынікі. Плёну і поспехаў!

Сяргей ДУБОВІК

Фота аўтара, «Навука»


Крыніца

Спампаваць (PDF, 516KB)

If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.