(Беларуская) Наша Ніва: У Мінску абмеркавалі, як з дапамогай новых тэхналогій развіваць беларускую мову — круглы стол


Sorry, this entry is only available in Беларуская. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in the alternative language. You may click the link to switch the active language.

Паводле чаго вызначаецца жыццядзейнасць і жыццяздольнасць той ці іншай мовы? Яшчэ гадоў пятнаццаць таму асноўнымі крытэрыямі лічылася колькасць вучняў, якія атрымліваюць на ёй адукацыю або вывучаюць яе, наяўнасць кнігавыдання, прысутнасць мовы ў дзяржаўных інстытуцыях… Сёння ўсё гэта таксама, безумоўна, важна, але новыя тэхналогіі і тут дыктуюць свае правілы: пра тое, наколькі мова жывая, мяркуюць у першую чаргу па яе прысутнасці ў віртуальнай прасторы — у камп’ютарным забеспячэнні, у рознага кшталту дадатках, у сацыяльных сетках, увогуле ў Сеціве, піша Звязда.

Хтосьці тут жа, прыгадаўшы беларускую раскладку клавіятуры, у тым ліку і для мабільных прылад, беларускамоўную «Вікіпедыю», «Вайбер» ды «Фэйсбук», якія будуць камунікаваць з карыстальнікам па-беларуску — было б толькі яго жаданне, — скажа, што ў гэтым плане з нашай мовай усё ў парадку. Але ці так гэта насамрэч? У грамадстве, дзе большасць носьбітаў менавіта жывой мовы дажываюць век у вёсках ці пасяліліся на кніжных старонках у творах класікаў, а моладзь толькі пачынае мовай цікавіцца, ці не прыйдзем мы ўрэшце да мовы перакладчыка Gооglе — і яна будзе лічыцца эталонам?

Пра гэта і пра іншыя рызыкі і праблемы, а таксама пра станоўчыя моманты ва ўплыве інфармацыйных тэхналогій на развіццё беларускай мовы вялася гутарка падчас круглага стала ў рэдакцыі «Звязды».

У дыскусіі ўдзельнічалі Аляксандр Лукашанец, доктар філалагічных навук, акадэмік, намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Ігар Капылоў, кандыдат філалагічных навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Мікалай Прыгодзіч, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ, Алена Анісім, старшыня грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», Уладзімір Кошчанка, загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Юрась Гецэвіч, загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук, Аляксандр Шастаковіч, кіраўнік праекта «SАY.BY. Платформа падтрымкі жывой беларускай мовы», Алег Куніцкі, дырэктар прыватнага прадпрыемства «Новы паварот».

Адна мова — дзве «Вікіпедыі». А навіны — па-руску…
«Звязда»: Тэму нашага круглага стала сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа мы абазначылі як «Роля інфармацыйных тэхналогій у захаванні і папулярызацыі беларускай мовы». Слова «роля» тут узнікла невыпадкова — яна можа быць і станоўчай, і адмоўнай. Ці з’яўляецца сёння заўважная прысутнасць мовы ў віртуальнай прасторы сведчаннем таго, што мова жыццяздольная, калі ў жывой, непасрэднай камунікацыі яна ўжываецца не так часта? Датычна беларускай мовы, здаецца, пытанне можна ставіць менавіта так…

Аляксандр Лукашанец: Менавіта ў такім сваім гучанні тэма вельмі своечасовая і актуальная. Мы летась былі ў Якуцку на вельмі цікавай міжнароднай канферэнцыі «Захаванне моў народаў свету і развіццё моўнай разнастайнасці ў кіберпрасторы». У ёй удзельнічалі прадстаўнікі 63 краін з усіх кантынентаў. Асноўная ідэя гэтага надзвычай цікавага мерапрыемства — прысутнасць той ці іншай нацыянальнай мовы ў інтэрнэт-прасторы сёння становіцца галоўным фактарам яе захавання ў эпоху глабалізацыі і міжнароднай інтэграцыі… У даследаванні венгерскага лінгвіста Андраша Карная «Лічбавая смерць моў», апублікаваным некалькі гадоў назад, сказана пра тое, што толькі чатыры працэнты з усіх існуючых жывых моў у свеце прадстаўлены ў інтэрнэце.

Гэтыя мовы ён дзеліць на тры групы: вельмі шырока прадстаўленыя, дастаткова шырока прадстаўленыя і вельмі мала прадстаўленыя. Беларуская мова, паводле Карная, адносіцца да другой групы. Гэта значыць, што беларускамоўнага кантэнту ў сеціве шмат, і ён інтэнсіўна папаўняецца. Бо інтэрнэт-прастора — гэта не толькі афіцыйныя парталы, але і блогі, і сацыяльныя сеткі. Гэта добра, што беларускамоўныя матэрыялы разнапланавыя, і мова сацыяльных сетак жывая і запатрабаваная. Але кантэнт павінен папаўняцца не толькі стыхійна, але і мэтанакіравана, каб гэта былі змястоўныя, інфарматыўныя тэксты і матэрыялы.

Ігар Капылоў: Паводле Карная, рэальнае знікненне пагражае тым мовам, якія страчваюць сваю асноўную функцыю — камунікатыўную. Тут, калі гаварыць пра нашу мову, — праблема даволі сур’ёзная. Яшчэ адзін крытэрый — прэстыжнасць у маладога пакалення. Моладзь стала цікавіцца мовай больш, у тым ліку і дзякуючы віртуальнай прасторы, дзе па-беларуску можна свабодна камунікаваць і знаходзіць патрэбную інфармацыю… Яшчэ з крытэрыяў Карная — узровень прадстаўленасці ў інтэрнэт-прасторы і наяўнасць «Вікіпедыі» на нацыянальнай мове. У апошнім наша мова ледзь не наперадзе ва ўсіх — у нас ажно два варыянты «Вікіпедыі» — у афіцыйным правапісе і на «тарашкевіцы». У нас ёсць вялікі віртуальны кнігазбор «Беларуская палічка» (knihi.com), дзе прадстаўлены тысячы кніг — ад мастацкай літаратуры да вучэбных. Беларуская мова прадстаўлена і ў сацыяльных сетках. З аднаго боку, для развіцця мовы гэта добра — з’яўляюцца новыя словы, новы маладзёжны слэнг, з іншага — у гэтым асяроддзі няма ніякіх аўтарытэтаў, нярэдка напісанне наўмысна скажаецца, разбураюцца нормы правапісу і маўлення.

Аляксандр Лукашанец: Ад таго, наколькі паўнавартасна беларуская мова будзе прадстаўлена ў кіберпрасторы — і ва ўнутрынацыянальнай, і ў сусветнай, — наколькі будзе забяспечана яе пашырэнне, будуць залежаць і адносіны да беларускай мовы ў іншай камунікатыўнай прасторы — у жывых зносінах паміж людзьмі. У нас многае ўпіраецца ў дзяржаўнае двухмоўе, і гаварыць трэба яшчэ і пра тое, каб беларуская мова была прадстаўлена ў інтэрнэце нароўні з рускай. У прыватнасці, усе афіцыйныя сайты павінны паралельна стварацца на абедзвюх дзяржаўных мовах. А гэта патрабуе пэўнай афіцыйнай падтрымкі, цэнтралізаванай і сістэмнай дзейнасці.

Юрась Гецэвіч: Афіцыйная падтрымка ўжо ў пэўным плане з’явілася. 23 кастрычніка 2017 года Саветам Міністраў была выдадзена пастанова № 797 «Аб унясенні змен і дапаўненняў у Палажэнне пра парадак функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый», якая ўнесла змены ў пастанову № 645 ад 29 красавіка 2010 года «Аб некаторых пытаннях інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый і прызнанні страціўшымі сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2006 г. № 192». Змены, унесеныя ў пастанову, цалкам уступілі ў сілу 1 студзеня 2019 года. Найбольш значным новаўвядзеннем з пункту гледжання перакладчыцкай дзейнасці названай пастановы з’яўляецца новы пункт 72, які сцвярджае, што «прымяненне рускай і беларускай моў з’яўляецца абавязковым пры размяшчэнні на інтэрнэт-сайтах інфармацыі, якая ўказаная ў падпунктах…». Мы яе разумеем так, што версіі вэб-сайтаў дзяржаўных устаноў павінны быць на дзвюх дзяржаўных мовах, прынамсі, асноўная інфармацыя на іх. У плане выканання гэтай пастановы назіраецца станоўчая тэндэнцыя, асабліва ў медыцынскай сферы. Да нас пачалі рэгулярна звяртаюцца з просьбай якасна перакласці, адаптаваць, лакалізаваць сайт той ці іншай установы.

Дадаткова зазначу, што гэтая пастанова, у сваю чаргу, яшчэ раз актуалізавала задачу адаптацыі інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных арганізацый для інвалідаў па зроку (тая ж пастанова, пункт 3, абзац 4). Лабараторыяй распазнавання і сінтэзу маўлення АІПІ НАН Беларусі была распрацаваная пілотная версія сістэмы сінтэзу маўлення па тэксце для агучкі сайтаў для слабавідушчых, у тым ліку і на беларускай мове.

Аляксандр Лукашанец: Гэта добра, але наўрад ці дастаткова. Магчыма, наспеў час для распрацоўкі і прыняцця дзяржаўнай праграмы па пашырэнні беларускай мовы ў кіберпрасторы, у развіццё Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, дзе мова названая адным з найважнейшых фактараў гэтай бяспекі. Роля беларускай мовы зараз узрастае — яна атрыбут нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту. У беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы можна будаваць увесь кантэнт, падаваць інфармацыю з пазіцый менавіта нашай дзяржавы. А сёння нярэдка жыхар Беларусі першасна атрымлівае навіны з пазіцый дзяржавы іншай.

Мікалай Прыгодзіч: У нас пакуль не выпрацаваны механізм забеспячэння двухмоўя, у тым ліку і ў афіцыйнай, калі можна так сказаць, кіберпрасторы. У нас няма на гэты конт заканадаўчай ініцыятывы.

Дакументы — ёсць, юрыдычнай сілы — няма
«Звязда»: Калі загаварылі пра заканадаўчую сферу… Прававая інфармацыя, у тым ліку і нарматыўныя акты, рознага кшталту юрыдычныя дакументы ў ІТ-дзяржаве павінны абавязкова быць у электроннай версіі ў адмысловай базе. Не сакрэт, што амаль усе законы, акрамя, бадай што, Кодэкса аб культуры, прымаліся ў адным варыянце — рускамоўным. Атрымліваецца, пераклад на беларускую, не зацверджаны на высокім узроўні, нават калі яго зрабіць, не мае юрыдычнай сілы…

Юрась Гецэвіч: Атрымліваецца менавіта так. Калі дзяржаўная ўстанова хоча прадставіць на беларускай версіі свайго сайта вытрымкі з нейкага закона ці іншага нарматыўнага акта, узнікае пытанне: дзе яго ўзяць на беларускай мове не ў адвольным перакладзе, а ў афіцыйна зацверджаным, які мае юрыдычную сілу?

Алена Анісім: І на практыцы для тых, хто хоча карыстацца з дзвюх дзяржаўных менавіта беларускай мовай, узнікаюць праблемы. Напрыклад, фірма Алега Куніцкага стварыла магчымасць здаваць на беларускай мове экзамен па Правілах дарожнага руху. Магчымасць у чалавека ёсць, але ўзаконенага права няма.

Алег Куніцкі: Так, наша беларускамоўная праграма па тэставанні ведаў Правіл дарожнага руху даступная і для будучых кіроўцаў, і для аўташкол. Па водгуках ведаю, што людзі ёй карыстаюцца, нават у аўташколах у іх прымаюць экзамен па-беларуску без праблем. Калі ж справа даходзіць да экзамена ў ДАІ — скарыстацца беларускамоўнай праграмай не атрымліваецца. ДАІ не мае права выкарыстоўваць тэставыя заданні на беларускай мове і прымаць па іх экзамен. Экзамены ў ДАІ — мерапрыемства, па выніках якога выдаецца дакумент на права кіравання аўтамабілем, а Правілы дарожнага руху — нарматыўны акт, прымаўся ён па-руску, і яго афіцыйнага перакладу на беларускую на сённяшні дзень няма.

Уладзімір Кошчанка. Тое самае, дарэчы, і з Правіламі карыстання метрапалітэнам. Чаму яны ў вагонах не так даўно сталі рускамоўнымі? Яны былі прынятыя на беларускай мове ў 90-х, пасля Саўмін прыняў новую рэдакцыю толькі па-руску, і цяпер метрапалітэн, каб і хацеў, не мае ніякага права вешаць у вагонах беларускамоўную версію без афіцыйна зацверджанага перакладу…

Ігар Капылоў: Але гэта праблема ўжо пачала вырашацца. Пасля Вялікай размовы з прэзідэнтам, калі кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі вельмі аператыўна адгукнуўся і пачалася канкрэтная работа. Была сфарміравана экспертная група, у якую ўвайшлі і мовазнаўцы, і юрысты, і журналісты. Выкананне гэтай работы даручылі Інстытуту мовазнаўства, на базе якога працуе Рэспубліканская тэрміналагічная камісія, супрацоўнікі якога маюць даволі вялікі вопыт. Падключыліся таксама вядучыя спецыялісты з мовазнаўчых кафедраў БДУ і БДПУ.

Праца аказалася няпростай, хаця беларускамоўная юрыдычная тэрміналогія вельмі старажытная — фактычна бярэ пачатак з ХІІІ стагоддзя, з выданняў грамат, а першы пісьмовы помнік («Судзебнік Казіміра») з’явіўся ў 1468 годзе. Але мы пры перакладзе дакументаў сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, таму што тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў заканадаўстве, павінны быць аднастайнымі і сістэмнымі. Узніклі пытанні з сінонімамі: напрыклад, «результаты» і «итоги», «товарищество» и «общество» — было пытанне, у якім выпадку перакладаць «рэзультаты», у якім — «вынікі», «таварыства» ці «суполка». Калі б тэкст пісаўся адразу па-беларуску, праблем было б менш. А калі мы прывязаныя да рускага спецыфічнага тэксту, які ўжо мае статус закона, трэба рабіць усё вельмі асцярожна, вывяраючы кожнае слова. Тым не менш у нас ужо перакладзены, зацверджаны і змешчаны на сайце рrаvо.bу Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Выбарчы кодэкс, зараз працуем над перакладам Грамадзянскага кодэкса… Калі мы наладзім механізм перакладу і ўзгаднення, ужо не будзе вялікай цяжкасцю прадстаўляць дэпутатам для разгляду і прыняцця законапраект на дзвюх дзяржаўных мовах адразу.

«Праблема на твар»
«Звязда»: Усе прыведзеныя тут факты — і пра наша не апошняе месца паводле лінгвістычных даследаванняў, і пра стварэнне на мове заканадаўчай электроннай базы — гучаць аптымістычна. Але ці не бясспрэчны факт яшчэ і тое, што высокія тэхналогіі мову спрашчаюць, а то і псуюць. Парадокс: з аднаго боку прысутнасць мовы ў кіберпрасторы сведчыць аб яе жыццяздольнасці, з іншага — менавіта гэта прысутнасць ставіць саму мову пад пагрозу калі не знікнення, дык спрашчэння…

Уладзімір Кошчанка: Можна сказаць, што роля інфармацыйных тэхналогій, якія, здавалася б, палягчаюць задачу таго ж перакладу, у пэўным сэнсе катастрафічная. Сёння не знойдзеш ніводнай газеты, ніводнага сеткавага выдання, якія б не карысталіся інтэрнэт-перакладчыкам, прычым менавіта з рускай мовы на беларускую. Я займаюся Корпусам беларускай мовы, які, як і ва ўсім свеце, мусіць працаваць на перспектыву, і ў плане перспектывы я ўжо не маю крыніц, з якіх браць тэксты для гэтага Корпуса, акрамя твораў класічнай беларускай літаратуры, але гэта ўжо «ўчора», а не «сёння» і тым больш не «заўтра». А «сёння» тэкст, перакладзены з дапамогай праграмы, нават з самым шыкоўным рэдагаваннем, — гэта тэкст з нулявой вартасцю. Ён перадасць толькі інфармацыю, але не багацце мовы. Гэта машынны тэкст, які паўтарае рускі сінтаксіс, рускія выразы — «пьяный в стельку» перакладаецца як «п’яны ў вусцілку», «проблема налицо» — «праблема на твар»… І многія думаюць, што так правільна! Людзі ўжо і гаварыць сталі, як перакладчык Gооglе, і лічаць, што гэта нармальна.

Алена Анісім: Але ж адмовіцца ад новых тэхналогій пры выкарыстанні беларускай мовы гэта не выйсце, таму што яны вялікая палёгка для спецыялістаў у розных сферах. Напрыклад, я займалася перакладам з рускай мовы на беларускую кнігі «Ліцвіны ў арміі Напалеона». Нягледзячы на тое што я прафесійны філолаг, я не стала набіраць пераклад уручную, а скарысталася перакладчыкам. Гэта і хутчэй, і даволі якасна, калі пасля дэталёва папрацаваць над перакладзеным тэкстам як рэдактар. І добра, што ёсць платформы, на якіх можна ажыццяўляць падобныя пераклады — гэта дапамога, гэта вельмі важны інструмент. І чым больш будзе такіх платформаў, у тым ліку і навучальных, на якіх можна будзе мову выкарыстоўваць і атрымліваць адказы на моўныя пытанні — тым будзе лепш для развіцця мовы. Нам трэба паглядзець уважліва на тыя лінгвістычныя платформы, якія існуюць для іншых моў (напрыклад, дыстанцыйнае вывучэнне мовы замежнікамі) і адаптаваць іх пад беларускую.

Мікалай Прыгодзіч: У нас кожная з мовазнаўчых кафедраў мае сваю пляцоўку ў інтэрнэце. Там столькі ўсякіх розных дапаможнікаў, у тым ліку і слоўнікаў, ніхто не забараняе імі карыстацца. Мы выкладваем у агульны доступ усе свае напрацоўкі, увесь час папаўняем сваю базу.

Пра энтузіястаў, запатрабаванасць і рэкламу
Уладзімір Кошчанка: Але наколькі запатрабаваная гэта і іншая база «людам паспалітым» — вось у чым пытанне. Прывяду прыклад. Дзякуючы «Майкрасофту» мы зрабілі праграму праверкі арфаграфіі. Здавалася б, што яшчэ трэба — бярыце, карыстайцеся. Ёсць версія для Wоrd, наступная версія будзе ўвогуле для Wіndоws. Усе беларускамоўныя інфармацыйныя парталы адмовіліся, пісьменнікі не карыстаюцца, хоць яна бясплатна ляжыць у інтэрнэце і створана на падставе нарматыўных слоўнікаў. І што, патрэбен закон ці ўказ, які прымусіць карыстацца гэтым прадуктам, каб менш было памылак у тэкстах?

Юрась Гецэвіч: Мы нярэдка ў сваёй працы сутыкаемся з тым, што нашы арганізацыі не хочуць браць бясплатна ў агульным доступе, яны хочуць, каб зрабілі тое самае менавіта для іх за грошы… А што датычыцца праграмных прадуктаў, тут вельмі важнае слова «ўкараненне». Калі няма мастоў, у тым ліку, магчыма, і дакументальна аформленых, якія звяжуць паміж сабой распрацоўку і ўкараненне, толку будзе няшмат. Бо можна прыдумаць і напісаць на камп’ютарнай мове які заўгодна цікавы праект, але калі ён не будзе ўкаранёны, то ён не будзе шырока выкарыстоўвацца на практыцы…

Алена Анісім: А можа, не хапае элементарнай рэкламы такіх прадуктаў. Чаму б не расказаць у інтэрнэце пра тую ж праграму праверкі правапісу?

Уладзімір Кошчанка: Якая яшчэ рэклама ў дадзеным выпадку патрэбна? Набраў у пошуку «праверка правапісу» — і вось табе спасылка на праграмы, бяры, карыстайся. Мы нават сустракаліся з настаўнікамі беларускай мовы, дэманстравалі ім сваю прадукцыю, але яна не выклікала ў іх цікавасці.

Мікалай Прыгодзіч: Бо настаўнікі, у прыватнасці, настаўнікі мовы, не прывучаны яшчэ да гэтага. Многія прывыклі верыць толькі падручніку на паперы. Студэнты — справа іншая. Яны з ахвотай шукаюць інфармацыю ў электронных крыніцах, у тым ліку беларускамоўных.

«Звязда»: У віртуальнай прасторы моладзь цікавіцца не толькі адукацыйнымі праектамі. Вось, напрыклад, на партале sау.bу можна знайсці ўстановы і арганізацыі, дзе з вамі будуць размаўляць па-беларуску…

Аляксандр Шастаковіч: Мы, ствараючы гэты сайт, рашылі паставіць высокія тэхналогіі на службу развіцця менавіта не віртуальнай, а жывой беларускай мовы ў непасрэднай міжасабовай камунікацыі. Ідэяй нашага праекта «Мова побач» было пазначыць на карце краіны месцы, куды можна прыйсці і размаўляць па-беларуску і без праблем атрымаць абслугоўванне на беларускай мове. А такіх месцаў не так і мала, праўда, адразу «ўгадаць» іх складана. З уласнага досведу скажу: калі ты звяртаешся да чалавека па-беларуску, даволі часта ён табе па-беларуску і адказвае. Калі ж ты гэтага не робіш — угадаць, што малазнаёмы суразмоўца добра валодае беларускай мовай, даволі складана. Мы збіраем на сваю інтэрактыўную карту ўсе прадпрыемствы і ўстановы, дзе гучыць беларуская мова. Натуральна, яе шмат у музеях, бібліятэках, іншых установах культуры. Але нярэдка яна сустракаецца і ў камерцыйных прадпрыемствах.

Прычым тут здараецца па-рознаму: дзесьці на беларускай мове размаўляюць па ініцыятыве і з заахвочвання кіраўніцтва, дзесьці мова ідзе «з нізоў» — на ёй па ўласнай ахвоце размаўляюць самі супрацоўнікі. Канешне, у першым выпадку становішча прадпрыемства на нашай карце больш стабільнае. Калі ж на мове размаўляе толькі адзін супрацоўнік і ён звальняецца — гэта прадпрыемства з сайта даводзіцца прыбіраць. Зараз на нашай карце каля двухсот пазначаных пунктаў. Сайт карыстаецца папулярнасцю: мяркуючы па каментарыях, зацікаўленыя людзі наведваюць указаныя на ім месцы, пакідаюць пасля свае меркаванні.

Нашы наведвальнікі — гэта ў асноўным моладзь, якая валодае сучаснымі тэхналогіямі. З аўдыторыяй мы камунікуем у тым ліку і праз сацыяльныя сеткі. У нас таксама існуе мабільны дадатак — для сістэм Аndrоіd і іОS. Спампаваўшы яго на смартфон, карыстальнік хутка можа знайсці беларускамоўны аб’ект паблізу ад свайго месцазнаходжання. Да таго ж у дадатку ёсць прафесійна агучаныя беларускамоўныя размоўнікі, якія дапамогуць не памыліцца ў падборы слоў і вымаўленні самому гаспадару мабільнай прылады. Мы іх рыхтавалі з дапамогай Інстытута мовазнаўства.

«Звязда»: Дык, можа, стварыць падобныя дадаткі з размоўнікамі на ўсе выпадкі жыцця? Кшталту «Гавары правільна» або «Пішы правільна». Спампаваў такі дадатак і, калі засумняваўся наконт нейкага слова ці выразу, — адкрыў дадатак, падгледзеў…

Уладзімір Кошчанка: Хацелася б сказаць, што такі дадатак абавязкова стане запатрабаваным, але… Зараз у беларускамоўным асяроддзі існуе такая, на жаль, папулярная думка: маўляў, давайце спачатку пачнём гаварыць на мове, а пасля ўжо будзем вучыцца гаварыць правільна… Калі ствараць падобныя дадаткі — узнікне да таго ж пытанне іх легітымнасці. Як існуе дзве беларускія «Вікіпедыі», так у беларускамоўным асяроддзі існуе некалькі версій «правільнай мовы», і кожны лічыць, што рацыю мае менавіта ён. І не ўсе, калі надумаюць стварыць падобны дадатак, пойдуць па кансультацыю ў наш Інстытут…

Ігар Капылоў: Мы ж самі можам распрацаваць якія заўгодна даведнікі — матэрыялу і спецыялістаў хапае. А далей — патрэбна падтрымка менавіта ад ІТ-сферы: ад напісання праграмы да ўкаранення. Пакуль, на жаль, асаблівай падтрымкі менавіта ў гэтым пытанні мы не маем. Прынамсі, выходзілі з падобнай прапановай на аднаго з мабільных аператараў, але наша ідэя так і не атрымала водгуку…

Аляксандр Лукашанец: Каб мова захавала сваю паўнавартаснасць у кіберпрасторы, адным ці двума мабільнымі дадаткамі не абыдзешся. Патрэбна наяўнасць дастатковай дабраякаснай лінгвістычнай базы і яе поўная прэзентацыя — у інтэрнэце павінны прысутнічаць у свабодным доступе асноўныя слоўнікі, граматыкі, спецыяльныя даведнікі. Таксама павінны стварацца і ўдасканальвацца дапаможныя праграмы. І яшчэ вельмі важна, каб у інтэрнэт-прасторы было як мага шырэй прадстаўлена нацыянальна-культурнае беларускамоўнае поле — ад літаратурных твораў, помнікаў беларускага пісьменства да гістарычных нарысаў. Яшчэ вельмі важная дзяржаўная падтрымка энтузіястаў у гэтай сферы, бо многае пакуль што трымаецца менавіта на іх.

Алена Ляўковіч


Крыніца

Download (PDF, 1.07MB)