26 лістапада на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з распрацоўшчыкам лінгвістычнага праграмнага забеспячэння Nooj, прафесарам французскага ўніверсітэта Франш-Контэ Максам Зільберштайнам.
Сёння спецыялісты па прыкладной і, у прыватнасці, камп’ютарнай лінгвістыцы з’яўляюцца запатрабаванымі на рынку працы. Гэта і не дзіўна: сістэмы дыстанцыйнага навучання, машыннага перакладу, электронныя слоўнікі ўсё шырэй выкарыстоўваюцца людзьмі, і іх выкарыстанне і развіццё дае значныя перавагі ў хуткасці і выгадзе працы і навучання. Аптымізацыі працы філолагаў спрыяюць праграмныя лінгвістычныя інструменты, якія дазваляюць працаваць як з асобнымі лексемамі, так і з цэлымі тэкстамі. Таму пашырэнне ведаў па прыкладной лінгвістыцы, улік міжнароднага вопыту распрацоўкі і прымянення прыкладных праграм з’яўляюцца прыярытэтнымі задачамі ў сучаснай беларускай філалогіі.
У розныя гады Макс Зільберштайн працаваў у Université Paris 7, Northwestern University і IBM Watson Research Center. На філфаку ён прачытаў лекцыю пра сучасныя тэндэнцыі развіцця прыкладной лінгвістыкі, а затым правёў майстар-клас па прыкладным праграмным забеспячэнні Nooj, прызначаным для вырашэння шырокага кола лінгвістычных задач. У той жа дзень Макс Зільберштайн пазнаёміў студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі з актуальнымі праблемамі аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў. Ён адказаў на пытанні пра замежны вопыт развіцця навукі і тэхнікі, распавёў пра еўрапейскія практычныя праекты і абмеркаваў з беларускімі калегамі перспектывы развіцця камп’ютарнай лінгвістыкі.
Праграма Nooj дапамагае ствараць уласныя карпусы тэкстаў, праводзіць пошук па тэксце з дапамогай спецыяльных запытаў і можа быць скарыстаная ў выкладанні замежных моў. Перавагай Nooj таксама з’яўляецца тое, што ў яе базу ўключаны аб’ёмныя слоўнікі і граматыкі розных моў, у тым ліку беларускай і рускай. Распрацоўка мае дружалюбны інтэрфейс, дзякуючы графічнаму рэдактару граматык з’яўляецца даступнай для шырокага кола карыстальнікаў і можа быць карыснай для аўтаматычнага разбіцця слова на склады, генерацыі фанетычнай і прасадычнай транскрыпцый розных відаў, машыннага перакладу, а таксама аналізу тэксту, уключаючы сінтаксічны і марфалагічны аналіз, сентымент-аналіз, бізнес-аналітыку.
Nooj – рэсурс адкрытага доступу ў інтэрнэце. Дадзеная праграма ўжо прайшла апрабацыю ў многіх практычна значных праектах; тым не менш яна пастаянна ўдасканальваецца, расце колькасць работ, выкананых з яе дапамогай. Nooj-супольнасць адкрыта для прадуктыўнага супрацоўніцтва (www.nooj4nlp.net). А ўжо зусім хутка, 11–13 чэрвеня, у Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя карыстальнікаў Nooj, арганізатарам якой таксама выступае Лабараторыя сінтэзу і распазнавання маўлення АІПІ НАН Беларусі (http://nooj2015.ssrlab.by/). Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца і філолагі, і матэматыкі, і праграмісты, і спецыялісты іншых галінаў.
Сяргей МАЕЎСКІ
Дата публікацыі: 5.01.2015
Крыніца тэксту: http://www.gazeta.bsu.by/2015/01/nooj-instrument-dlya-filolaga/