(Беларуская) TUT.BY Гісторыі з жыцця: беларускамоўны бізнэсмэн, выкладчык фізікі, праграміст і… робат


Извините, этот техт доступен только в “Беларуская” и “Американский Английский”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in this site default language. You may click one of the links to switch the site language to another available language.

Извините, этот техт доступен только в “Беларуская” и “Американский Английский”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in this site default language. You may click one of the links to switch the site language to another available language.

Не філолагі, не гісторыкі, не культурныя супрацоўнікі, але беларускамоўныя. У Міжнародны дзень роднай мовы TUT.BY знайшоў беларускамоўных там, дзе іх не так часта сустрэнеш. І хаця для ўсіх апытаных даваць інтэрв’ю пра беларускую мову ў Беларусі падаецца дзіўным, адмовіць яны не змаглі і распавялі пра свой шлях да роднай мовы.

 

“Табе не падабаецца ўлада, яшчэ што, ты не трындзі, а пачні з сябе”

Андрусь Палевіч пачаў вывучаць беларускую мову ў 33 гады. Сёння яму 40, ён дырэктар мэблевай кампаніі “AUPI”. Адзін з абавязковых момантаў карпаратыўнай этыкі – вітацца, развітвацца і дзякаваць па-беларуску. На сценах у кабінеце Андруся карціны з “крылатымі” гусарамі, шляхцічамі ў строях, ілюстрацыяй бітвы пад Кірхгольмам. Ролю сметніцы выконвае ступа, якую мужчына набыў на рынку “Поле цудаў”.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Мы сядзім за круглым сталом, вакол мэбля, якую вырабляюць у кампаніі Андруся. Побач – галоўны інжынер кампаніі Алесь Падзько. Таксама беларускамоўны. Мэбля тут, прынамсі, мае беларускамоўныя назвы: “рамонак”, “войцех”, “ваявода”.

– Але назвы напісаны на лацінцы, таму калі пакупнікі тэлефануюць, то часта замест “ваявода” кажуць “ваджывуда”, – усміхаецца Алесь.

Суразмоўцы пацвярджаюць, што беларускамоўныя назвы мэблі добра ўплываюць на бізнес. Часцяком замаўляюць нешта толькі таму, што беларускамоўнае.

Андрусь распавядае, што мову пачаў вывучаць ужо дарослым.

– Дзеці ваенных маглі не вывучаць мову. Добрая мама сказала, навошта табе гэтая мова, і мяне аднялі ад беларускай. Па-беларуску пачаў размаўляць, калі жонка была цяжарная. Бо думаў, што я буду распавядаць сыну пра тое, хто такія беларусы, якая ў нас гісторыя, мова. Я набыў шмат музыкі і беларускамоўных аудыёкніг, выкінуў з машыны ўсё рускамоўнае і англамоўнае. Граматыку вывучыў па “Лемантару” каталіцкаму, там ўсё было на лацінцы. Па-беларуску я таксама пішу толькі на лацінцы, – кажа ён.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY
Сёння, па словах Андруся, сын у школе адзін з лепшых у класе па беларускай мове. Наконт школьнага жыцця сына суразмоўца ўзгадвае гісторыю, як там здымалі фільм і пыталіся ў дзяцей, кім хочуць стаць у будучым.
– Адзін адказаў дызайнерам, другі – калхознікам, мой сказаў, што, як тата, хоча займацца мэбляй. Пасля запыталіся пра іх самую вялікую мару. І адна дзяўчынка сказала, што марыць прачнуцца – і каб школа ўзарвалася. І так шчыра гэта сказала. Яе і яе бацькоў настаўніца пасля прэсавала, што не з радасцю дзіця ідзе ў школу. Ну, сказала дзіця так. Што тут такога? – задаецца пытаннем ён.
Андрусь і Алесь распавядаюць, што ў крамах прадаўцы горш за ўсё рэагуюць на слова “вітаю”. Наогул не ўлаўліваюць, што гэта азначае і перапытваюць: “Віталік?”.
– Ездзілі разам у Познань і таксама размаўлялі толькі па-беларуску. У гатэлі жанчына тыдзень з намі гутарыла, а пасля кажа: “Як паны добра вывучылі польскую мову”. Я пярэчу: “То не польская, то беларуская мова”. А яна адказвае: “А мне падалося, што вы размаўляеце па-польску, але з расійскім ухілам”, – успамінае Андрусь.
Але гэта не адзіная падарожная гісторыя Андруся і Алеся. Калісьці яны разам ехалi на цягніку ў Маскву, дык афіцыянтка-расіянка нават папрасіла пасядзець ля іх і паслухаць мову.
У адным з мінскіх караоке-клубаў беларускамоўную кампанію, дзе былі Андрусь і Алесь, аднойчы назвалі дыяспарай.
– Дыяспара ў Беларусі…. Пасля, калі ў нас пыталіся, хто вы такія, мы адказвалі: “Дыяспара беларуская”, – успамінаюць суразмоўцы.
На працу ў кампанію да Андруся чалавеку, які не паважае мову, патрапіць складана. Аднойчы да іх у краму прадаўцом хацела ўладкавацца выкладчыца беларускай мовы.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

– Патэлефанавала і кажа: “Хочу продавать мебель”, – апавядае Алесь. – З першых словаў падалося, што для яе беларуская мова штосьці непрывабнае. Але ж яна выкладчыца і так пра мову кажа…

Працу сабе жанчына ў кампаніі не знайшла.

– Калі я беларус, у мяне мову не адбярэш. Мова – гэта не палітыка. Я да дэмакратыі стаўлюся кепска, – кажа пра светапогляд Андрусь (гомасэксуалізм і дэмакратыя ў суразмоўцы ідуць поруч. – Аўт.). – Таталітарызм – гэта пункт гледжання. Хто моцны, той і праў. Я ў сябе дэмакратыю не магу прымяніць. Уявіце, я бы зараз пайшоў з рабочымі разводзіць дэмакратыю. Ён бы не працу рабіў, а трындзеў. А яго задача – працаваць і зарабляць грошы. А калі яму не падабаецца, як паводзіць сябе дырэктар? Ён тут мне пачне забастоўкі, Майдан ладзіць? Тут могуць працаваць тыя, хто жыве па маіх правілах. Мае правілы – рабіць сваю працу.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY Фото: Александр Васюкович, TUT.BY
 Да здаровага нацыяналізму беларусаў Андрусь ставіцца пазітыўна і дадае, што ўсё трэба пачынаць з сябе.
– Табе не падабаецца ўлада, яшчэ што, ты не трындзі, а пачні з сябе. Жадаеш размаўляць па-беларуску, дык размаўляй. Жадаеш быць свядомым, адукоўвай сябе, рабі сваю працу, – кажа ён.
Алесь дадае, што сёння беларусам трэба аднаўляць пераемнасць.

– Пераемнасці хацелася б ад дзядоў. Мы сёння аднаўляем тое, што бацькі не перадалі,– кажа ён.

“На падрыхтоўчых курсах у 9-м класе мы пачынаем вывучэнне мовы з нуля”

Ігар Варакса – беларускамоўны фізік. Сёння ён працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Ліцэя БДУ. Суразмоўца кажа, што беларусізаваўся сем гадоў таму, калі нарадзілася дачка. Сёння ён глядзіць на свой “эксперымент” з гонарам і распавядае, што дачка адна з лепшых па мове ў класе.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Шлях да мовы Ігара Вараксы пачаўся ў дзяцінстве, калі бацькі адправілі яго да бабулі і дзядулі ў вёску Семежава Копыльскага раёна ў “выгнанне”. Сёння ён ім за гэта ўдзячны, таму што менавіта на вёсцы змог спасцігнуць родную мову.
– Памятаю, калі мы з бацькам паехалі да яго сябра ў Мінск, і я гуляў з іншымі дзецьмі, зразумеў, што размаўляю не так, як яны. Хаця думаў, што размаўляю на рускай мове. Нібыта пра тое самае гутарым, але рознымі словамі, – расказвае ён.
Другім крокам да беларускай мовы стала навучанне на фізічным факультэце БДУ.
– Зараз БДУ лічыцца рускамоўным ВНУ, але на першых курсах мне пашчасціла вывучаць вышэйшую матэматыку па-беларуску. Цяпер я вельмі ўдзячны выкладчыку матэматычнага аналіза Віктару Карнеявічу Ахраменку, які сваім прыкладам паказаў, што беларуская мова прыдатная не толькі для хатняга ўжытку, але і для вырашэння сур’ёзных матэматычных задач, – успамінае ён.
Да 2006 года, калі нарадзілася дачка Ігара, ён быў і рускамоўным, і беларускамоўным. Канчаткова выбраў мову фактычна дзеля дачкі.
– Я паглядзеў, што ў дзяцей у першым класе цяжка ідзе беларуская мова. Яны яе ўспрымаюць накшталт ангельскай і ўвогуле не разумеюць. Дзіцяці трэба было аблегчыць жыццё. Я ў сям’і пачаў гаварыць выключна па-беларуску, жонка – па-руску. Але, калі дома пяройдзеш на мову, то і па жыцці будзеш на ёй гаварыць, – распавядае ён.

Зараз на рускую мову Ігар пераходзіць толькі са старымі сябрамі, якія ведаюць яго рускамоўным.Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

– Ёсць ужо шаблоны адносін. Таму бывае так, што з імі ненаўмысна пераходзіш на рускую мову, – тлумачыць.
Ігар праз мову не бачыць сябе ў чымсьці абмежаваным і адчувае плён з таго, што ўсё-такі стаў беларускамоўным.
– Зараз дачка ходзіць у першы клас, і я магу ацаніць, што атрымалася. Неяк на бацькоўскім сходзе класны кіраўнік сказала: “Лиза Варакса – моя палочка-выручалочка. Никто в классе слова не знает, а она знает”. Тое, што я планаваў, тое і атрымалася,– зазначае ён і працягвае гісторыяй з жыцця: – Памятаю, як ішлі з крамы і гутарылі з дачкой. Нас нейкая жанчыла нагнала і кажа: “Что вы портите жизнь ребенку? Вы представляете, как ей будет тяжело?”
Але суразмоўца ўпэўнены, што жыццё дачцэ мовай толькі палепшыў. Ігар кажа, что набыў усе дзіцячыя кнігі на беларускай мове, якія выдаваліся з 2006 года. Яны занялі дома шэсць палічак.
– Наклад у кніг па тысячы-дзве асобнікаў. Адчуваеш сябе “элітай” у тым сэнсе, што толькі ў 1000 чалавек на Беларусі такая кніжка ёсць, – усміхаецца ён.
Сітуацыі з тым, што Ігара па-беларуску не разумеюць, здараюцца рэдка.
– Аднойчы, праўда, трэба было CD-R дыск набыць. Забег ля ГУМа ў падземным пераходзе ў краму. Кажу: “Дайце, калі ласка, мне CD-R таннейшы, неістотна які”. Калі расплаціўся, гляджу, што мне далі тонкі канверцік, але па кошце дыск быў не самы танны. Напэўна, падумалі, што “танней” перакладаецца на рускую мову як “тоньше”, – узгадвае ён.
На погляд Ігара, на Беларусі мала хто стасуецца па-беларуску менавіта праз сарамлівасць.
– Па роду дзейнасці мне шмат даводзіцца размаўляць па тэлефоне. Часта людзі рады пачуць на тым канцы беларускую мову. Кожны другі кажа, што хацеў бы размаўляць, але многіх слоў не памятае, няма практыкі. Але калі падабаецца мова, то трэба хаця б зрабіць першы крок, а лексіка назапасіцца з цягам часу, – зазначае ён.Фото: Александр Васюкович, TUT.BY
Узровень ведаў беларускай мовы сучасных школьнікаў Ігара засмучае:

– Я не хачу быць песімістам, але наконт росквіту мовы ў найбліжэйшай будучыні не ўпэўнены. Зараз у Ліцэі БДУ праходзіць другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання, то толькі кожны чацверты ліцэіст абірае беларускую мову, тры чвэрці ліцэістаў выбіраюць рускую. Дый наогул мовы ў старэйшай школе павінна быць больш. Напрыклад, у ліцэях згодна з тыпавым вучэбным планам па адной гадзіне беларускай і рускай мовы на тыдзень на ўсіх накірунках адукацыі акрамя філалагічных, а ў базавай школе па дзве гадзіны на тыдзень. Гэтага, на маю думку, мала. У выніку атрымліваецца, што ні адной, ні другой мовы дасканала не ведаюць, – прыводзіць прыклад суразмоўца. Амаль такая ж сітуацыя і з выпускнікамі базавай школы.

– Большасць абітурыентаў Ліцэя БДУ, якія паступаюць на філалагічны накірунак адукацыі, не разумеюць літаратурныя тэксты. У іх няма моўнай практыкі, не ведаюць лексіку. У апошнія гады нават давялося істотна перапрацаваць змест падрыхтоўчых курсаў па беларускай мове і літаратуры. Раней мы зыходзілі з таго, што выпускнікі базавай школы (прынамсі, тыя, хто збіраецца паступаць на філалагічны накірунак адукацыі) ведаюць мову, могуць на ёй размаўляць і нам трэба толькі ўдасканаліць іх веды. Цяпер мы вялікую ўвагу надаем вывучэнню лексікі, словаўтварэнню, будове сказаў. Фактычна на падрыхтоўчых курсах у 9-м класе мы пачынаем вывучэнне мовы з нуля, – кажа ён.

“Калі прыехаў у Менск, думаў, што тут усе гавораць па-беларуску”

Юрась Гецэвіч размаўляе па-беларуску сам і робатаў мове навучыў. Малады чалавек – кандыдат тэхнічных навук, загадчык лабараторыі распазнавання сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Разам з камандай з лабараторыі ён распрацаваў праграму, якая можа агучваць тэксты. Юрась уводзіць тэкст “Прывітанне, ТУТ БАЙ!” на сайце праграмы, націскае на пімпачку – і камп’ютар вітаецца.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Юрасю 29 гадоў. Ён сядзіць за камп’ютарам у працоўным пакоі і дэманструе асаблівасці беларускага ноў-хаў. Распавядае, што праграма сінтэзу маўлення па электронным тэксце з’яўляецца плённай распрацоўкай для людзей са слабым зрокам ці для тых, хто не можа чытаць, бо, напрыклад, кіруе аўтамабілем. Яна можа імгненна перапрацаваць электронныя тэксты ў аўдыяфайл для далейшага праслухоўвання. Такія распрацоўкі для іншых моў даўно ўжо існуюць, а для беларускай толькі-толькі ўваходзяць ва ўжытак. З калонак даносяцца сказы, якія хвіліну таму малады вучоны ўвёў з клавіятуры.

Відэа мабільных аўтаномных беларускіх робатаў, якія размаўляюць, з выставы “TIBO-2013”:

Юрась родам з Гродзеншчыны. Нарадзіўся ў вёсцы Крупава Лідскага раёна. Пасля сямі год у вясковай сярэдняй школе наступныя чатыры гады вучыўся ў гімназіі №1 Ліды. Далей скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, магістратуру, аспірантуру, абараніў дысертацыю пад кіраўніцтвам доктара тэхнічных навук Барыса Лабанава. Сёмы год Юрась працуе ў сферы сінтэзу маўлення і камп’ютэрнай лінгвістыкі.
– Я жыў у вёсцы, што каля горада Ліда. Там гавораць па-простаму – слова па-беларуску, слова па-польску, слова па-літоўску, слова па-руску. Мясцовыя ствараюць шмат народных прымавак і жартаў. Калі прыехаў у Мінск, думаў, што тут усе гавораць па-беларуску. Бо дзе жывуць людзі, якія пішуць кніжкі, па якіх вучыўся? У Мінску. Вуліца Скарыны дзе? Таксама тут. Але ж помнік трэба ставіць, мабыць, транспартнікам, бо амаль усё, што датычыцца іх працы – назвы вуліц, прыпынкі, абвесткі  па-беларуску. Каб астатняе было на мове, не хапае рашэння і пасвячэння ў гэта нашага народу,  разважае Юрась.
Ён кажа, што да ўніверсітэта так і гаварыў – па-простаму. На першым курсе выкарыстоўваў рускую мову, як і ўсе прыезджыя студэнты, прыкідваўся, што не ведае і больш таго, не хоча размаўляць на роднай мове, а пасля зразумеў, што трэба вяртацца да спрадвечных беларускіх каранёў.

– Я ўбачыў, што ва ўніверсітэце студэнты прыкідваюцца, што не гавораць на беларускай мове. Калі ад бацькоў трэба сала, бульба, грошы, то просяць па-простаму. Я сам быў такім на першым курсе. Прыкідваўся, што не ведаю мовы простай і гаварыў, як у тэлевізары паказваюць. Але пасля таго, як прыйшоў да Бога ў евангельскай царкве, то зразумеў, што Бог прапанаваў праз Ісуса Хрыста нашаму народу прабачэнне грахоў. Калі мы нешта адкідаем, то аўтаматычна не прымаем усіх падарункаў ад Бога, таму і маем праблемы зараз. Для мяне сёння адысці ад мовы ў Беларусі, роўна як адыйсці ад веры ў Бога, бо мне не хочацца патрапіць у пекла пасля сканчэння майго фізічнага жыцця, – тлумачыць Юрась.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

На яго погляд, Беларусь – партызанскі край, дзе ўсе ўмеюць гаварыць “па-простаму”, але цураюцца. Думку наконт “партызанскага краю” Юрась жартаўліва пацвярджае трыма залатымі медалямі Дар’і Домрачавай.
– Чаму мы ў біятлоне перамагаем? Таму што гэта від спорту, які нагадвае пра добра спрактыкаваны асноўны занятак беларускіх паўстанцаў ці партызанаў: бегаць на лыжах па лесе і ўдала патрапляць са стрэльбы, – усміхаецца ён.
Малады вучоны лічыць, што беларусы, на жаль, – лепшыя русіфікатары ў свеце:
– У Амерыцы сустракае адзін беларус другога. І на якой мове яны размаўляюць? На рускай. Але чаму? Прымусу няма, таго няма, сяго няма, а ўсё адно па-руску гавораць.
Жонка ў Юрася таксама беларускамоўная, сыну амаль два гады, і ён першыя словы – “тата, мама, Ісус” – сказаў па-беларуску. Ніякіх складанасцяў для сябе як беларускамоўнага чалавека Юрась не бачыць. Наадварот, вылучае адны плюсы ў адукацыі, працы, сям’і, у крамах, у новых асяродках. Але кажа, што ў Беларусі няма ўсіх адпаведнікаў важных дакументаў на беларускай мове, напрыклад, усіх прававых актаў ці бланкаў.

– У пашпартным стале бываюць пытанні, калі бланк рускамоўны запаўняеш па-беларуску, – успамінае ён. – Усё запоўніш, як трэба, а табе кажуць: “Вас не перапрапішуць”. “Чаму?” – пытаюся. “Вы напісалі па-беларуску!” – адказваюць. “Вы што? Вы ж пашпартысты? У нас беларуская мова гарантавана Канстытуцыяй”, – раблю заўвагу. А мне адказваюць: “У нас ёсць інструкцыя пра справаводства”. Але што вышэй: Канстытуцыя ці інструкцыя? Падобнае здарался ў банку, у ваенкамаце…

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Юрась упэўнены, што калі беларусы хочуць гаварыць па-беларуску, то трэба проста пачынаць і гаварыць, да таго ж неабходна самім перакладаць дакументы і кнігі на беларускую мову, а пазней іх дарыць народу Беларусі.
– Калі жонка задалася пытаннем атрымаць вадзіцельскія правы, я сказаў: “Перакладзеш правілы дарожнага руху на беларускую мову, пойдзеш вучыцца”. Таму ўзялі і пераклалі, – паказвае ён дапаможнік па правілах дарожнага руху на беларускай мове.
Юрась не палітызуе беларускую мову.
– Мова – гэта тое, што нам даў Бог, і мы павінны гэтым карыстацца. Калі мы гэтым карыстаемся, то маем блаславенне. Думаю, што большасць цяперашніх кіраўнікоў скончылі беларускамоўныя школы, яны маглі б вельмі добра дапамагчы беларускаму народу, калі б вярнуліся да беларускага, – лічыць ён.
На погляд суразмоўцы, калі мова будзе жыць у сям’і, то будзе жыць і ў народзе.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.