(Беларуская) Літаратура і мастацтва: Карысна, смела, інфарматыўна


Извините, этот техт доступен только в “Беларуская” и “Американский Английский”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in this site default language. You may click one of the links to switch the site language to another available language.

Извините, этот техт доступен только в “Беларуская”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in the alternative language. You may click the link to switch the active language.

Напрыканцы Года навукі прапануем звярнуць увагу на значныя навуковыя выданні, што сталі важкімі падарункамі для грамадства і да гэтага часу не згадваліся ў газеце «ЛіМ». Гэты суб’ектыўны, нефармальны спіс работ навукоўцаў-гуманітарыяў могуць пашырыць нашы шаноўныя чытачы, яд якіх рэдакцыя заўсёды чакае новых рэцэнзій на манаграфіі і даследаванні.

Жыццё слова

Культура маўлення — духоўная культура чалавека, узровень яго агульнага развіцця як асобы, якая сведчыць пра значнасць спадчыны, культурных здабыткаў свайго народа. Адпаведна, самым карысным навуковым выданнем 2017 года можна лічыць «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы» (укладальнік — доктар філалагічных навук Валянціна Русак; выдавецкі дом «Беларуская навука»), у якім упершыню даецца апісанне літаратурнага вымаўлення больш за 117 000 слоў, у тым ліку новых запазычанняў.

З вымаўлення слова пачынаецца навука пра слова і навука пра жыццё. Слова як адзінка мовы, якое прагучала, мае націск, графічнае ўвасабленне, пэўную арфаграфію, адпаведную граматычную форму, семантыку, а таксама валентнасць, дзякуючы якой будуюцца словазлучэнні і сказы. Слова як сродак зносін, якое прагучала з вуснаў чалавека, можа зацікавіць ці, наадварот, адштурхнуць суразмоўцу. Значыць, фанетыка і арфаэпія — гэта пачатак лінгвістыкі, пачатак жыцця слова, а таксама жыцця і стасункаў асобы. Гэта выснова яшчэ раз пацвярджае навуковую значнасць і практычную вартасць слоўніка. Ён аўтаматычна з’яўляецца даведнікам амаль па ўсіх раздзелах мовазнаўства: у выданні найперш вывераная арфаграфія, праз фанетычную транскрыпцыю падаецца літаратурнае вымаўленне лексемы. Прадстаўлены варыянтныя родавыя формы слоў; варыянты канчаткаў, уласцівыя пэўным словам ці групе слоў у літаратурнай мове; дыферэнцыя слоў з розным значэннем і словаўтваральнымі/ формаўтваральнымі варыянтамі слоў; лексічныя, словаўтваральныя і інш. варыянты слоў. Да слоўніка можа звярнуцца спецыяліст любой галіны навукі, паколькі ў ім шырока прадстаўлены разнастайныя тэрмінасістэмы.

З універсітэцкіх інтэлектуалаў

Самае ўрачыстае навуковае выданне гэтага года — «Интеллектуальная элита Беларуси» — падрыхтавана супрацоўнікамі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта напярэдадні стагадовага юбілею БДУ (пад агульнай рэдакцыяй рэктара БДУ Сяргея Абламейкі). Загад аб заснавані Белдзяржуніверсітэта быў падпісаны 25 лютага 1919 года, і ў найбліжэйшы час ва ўстанове плануецца выданне кніжнай серыі, прысвечанай выбітным супрацоўнікам гэтай навучальнай установы, іх унікальным фундаментальным і прыкладным даследаванням. У кнізе «Интеллектуальная элита Беларуси» змешчаны жыццёвыя і творчыя біяграфіі 27 беларускіх інтэлектуалаў, стваральнікаў новага ўніверсітэцкага асяроддзя, якія працавалі ў БДУ ў 1920—1930-я гады. У аснове біяграфій — арыгінальныя крыніцы, якія захоўваюцца ў дзяржаўных, архіўных, музейных, бібліятэчных установах Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны, а таксама ў прыватных зборах.

Заснавальнік беларусістыкі Фёдар Турук і піянер сацыялогіі ў Беларусі Саламон Канцэнбоген, пачынальнік вывучэння славістыкі Мікалай Дурнаво і стваральнік школы беларускага правазнаўства Міхаіл Грэдынгер… БДУ у першыя дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці аб’яднаў людзей рознага паходжання і рознага жыццёвага досведу, якія ў сценах універсітэта дасягнулі значных навуковых вынікаў, сталі заснавальнікамі розных галін беларускай навукі. У якасці ілюстрацый у кнізе шмат фотаздымкаў і архіўных дакументаў.

Ад рэвалюцыйнай эпохі

У паслярэвалюцыйныя гады адбылося нямала падзей, значных для нашай краіны. Гэтаму перыяду прысвечана і самае смелае сёлетняе даследаванне «Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага камітэта (1917 — 1918 гг.)» (Магілеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова). Нагодай для з’яўлення кнігі сталі ўспаміны Міхаіла Кахановіча пра тое, што Магілёў быў адзіным буйным беларускім горадам, дзе на сходзе прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый была падтрымана ідэя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтары выдання магілёўскія гісторыкі Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін знайшлі пратакол легендарнага сходу, які быў дасланы каменданту горада праз дзень пасля сходу, а таксама адшукалі нямала цікавых дакументаў, якія дазволілі ўзнавіць гісторыю Магілёўскага Беларускага камітэта — адной з самых паспяховых нацыянальных арганізацый рэвалюцыйнай эпохі. Лідарам МБК быў палітык, рэдактар, публіцыст Міхаіл Кахановіч, які пазней займаў пасаду Старшыні Віленскай Беларускай Рады, стаяў ля вытокаў утварэння Таварыства беларускай школы.

Асноўная мэта даследавання — сцвердзіць, што ўсходнебеларускія гарады былі далучаны да нацыятворчых працэсаў дзякуючы ўплывовым асяродкам нацыянальна свядомых і дзейсных людзей. Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы спрыянню некалькіх дзясяткаў чалавек, што сведчыць пра безумоўную грамадскую значнасць даследавання.

Горад-дом

Сярод самых маляўнічых даследаванняў 2017 года — кніга кандыдата мастацтвазнаўства загадчыка аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяны Гаранскай «Города Беларуси в изобразительном искусстве ХХ — начала ХХІ века» (выдавецкі дом «Беларуская навука»). З гэтай кнігі можна даведацца пра развіццё жанру гарадскога пейзажа і асноўныя гарадскія матывы ў беларускім выяўленчым мастацтве, прасачыць, як на працягу стагоддзя змяняўся падыход мастакоў да выяўлення горада. Калі ў пасляваеннае дзесяцігоддзе горад трактуецца як «нейкае цэлае, якое ідэальна развіваецца — з шырокімі зялёнымі прасторамі плошчаў і панэльнай забудовай вуліц, якая ідзе за далягляд», то напрыканцы ХХ стагоддзя мастакі часцей звяртаюцца да вобразаў антыгорада, горада-тэатра і горада-дома.

Асобныя часткі даследавання прысвечаны інтэрпрэтацыі беларускімі мастакамі вобразаў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, Нясвіжа і Міра. Выданне ўтрымлівае шмат ілюстрацый — адпаведна, жыхары гэтых гарадоў могуць пазнаць вядомыя мясціны, параўнаць сучасны горад з яго выявамі, зробленымі ў розныя гістарычныя перыяды. Кніга Таццяны Гаранскай — выдатны прыклад даследавання, якое можа быць чытэльным для неспецыялістаў, бо акрамя звароту да тэарэтычных праблем мастацтвазнаўства аўтар акрэслівае сацыяльна-гістарычны і культурны кантэкст, выяўляе сувязь вобраза горада з жыццём як асобнага чалавека, так і грамадства.

Паміж радкамі

Самая інфарматыўная кніга, якую атрымала беларускае грамадства ў Год навукі, — «Бібліяграфазнаўства» (Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Бібліяграфічная дзейнасць мае вялікую і цікавую гісторыю, этапы развіцця: ад старажытнага свету (ІІІ тысячагоддзе да н. э.) да нашых дзён. Складаннем бібліяграфіі займаліся многія выдатныя дзеячы. Наколькі ж трэба быць дасведчанай асобай, каб пра кнігу з трохсот старонак напісаць тры радкі, суаднесці іх з адпаведнай тэмай. І ўсё гэта, каб сістэматызаваць літаратуру, тэксты, каб інфармацыя па ўсіх галінах ведаў стала даступнай, лёгка адшуквалася і спрыяла развіццю навукі, культуры, вытворчасці, а галоўнае — развіццю чалавека.

Аўтары кнігі Валянціна Саітава, Васіль Лявончыкаў і Таццяна Кузьмініч апісалі асноўныя крыніцы агульнай і спецыяльнай бібліяграфіі, якія складаюць, па словах навукоўцаў, яе залаты фонд, а таксама дасягненні ў распрацоўцы тэорыі бібліяграфіі і методыкі бібліяграфавання.

Цікава ведаць, што ў гісторыю бібліяграфіі ўпісана імя першадрукара Францыска Скарыны. Яго прадмовы да выданых кніг Бібліі арганічна спалучалі кароткі пераказ зместу кніг Бібліі, іх дакладную, па магчымасці ўсебаковую, характарыстыку з выкладаннем поглядаў самога друкара.

У форме імені

Самым атмасферным сёлетнім выданнем можна лічыць манаграфію «Белорусское Поозерье: культура — ономастика — социум», выдадзеную пад агульнай рэдакцыяй доктара філалагічных навук Ганны Мезенкі (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава). Анамастычная прастора займае значнае месца ў агульнай сістэме моўнай карціны свету, а таксама ў асабістых уяўленнях чалавека пра навакольнае асяроддзе, якія ўвасабляюцца ў шматлікіх лексічных адзінках.

У манаграфіі ўпершыню даследуецца ўзаемадзеянне анамастыкі, культуры і соцыуму Беларускага Паазер’я, аналізуюцца найменні тапаграфічных аб’ектаў. Айконімы разглядаюцца аўтарамі як мова культуры. Дзеля сістэмы антрапанімікона ў развіцці таксама вельмі важным было і застаецца пытанне выбару імені для немаўляці. Імя адыгрывае значную ролю ў сацыялізацыі асобы, а інфармацыя, якая захоўваецца ва ўнутранай форме імёнаў, часта становіцца вызначальнай пры наладжванні адносінаў у соцыуме.

Смех — па-беларуску

Зрэшты, самае павучальнае (і нават вясёлае) сёлетняе даследаванне — кніга доктара філалагічных навук Івана Штэйнера «Смехъ зъ болестию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя» (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны). Ці мае смех сацыяльныя і нацыянальныя адрозненні альбо з’яўляецца ўніверсальным? Каб адказаць на гэта пытанне, літаратуразнаўца абірае ў якасці спадарожнікаў па беларускім прыгожым пісьменстве Эразма Ратэрдамскага і Яраслава Гашэка. Супастаўленне беларускіх гумарыстычных і сатырычных твораў з класічнымі ўзорамі сусветнай літаратуры дазваляе вызначыць унікальнасць беларускага смеху і, безумоўна, заўважыць супольнае.

Іван Штэйнер знаёміць чытача з весталкамі багіні Дурасці — Самалюбствам, Лесткай, Ляноцтвам ды іншымі, адбітак якіх можна заўважыць у творах Янкі Купалы, Андрэя Мрыя, Ніла Гілевіча… Даследчык прыходзіць да высновы, што ў беларускай літаратуры няшмат герояў, якія маглі б узняцца на Карабель дурняў, што тлумачыцца ў тым ліку асаблівасцямі беларускага менталітэту: па словах старажытнага філосафа, «праца адганяе ад нас тры вялікія бяды: нуду, разбэшчанасць і нястачу». Гэтая цытата добра пасуе на завяршэнне агляду: пажаданні творчага імпэту і нязменнай цікавасці да абранай сферы дзейнасці падмацоўваюцца доўгай літаратурнай традыцыяй!

Алеся ЛАПІЦКАЯ, Алена БАГАМОЛАВА, Ніна ГАЎРОШ


Крыніца

Спампаваць (PDF, 114KB)

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.