АПМ падрыхтоўкі інфармацыі для галасавых аб’яў на транспарце


У наш час многія з маршрутаў гарадскога транспарта забяспечаны серыйнымі прыстасаваннямі для лічбавага запісу і гукавога ўзнаўлення назваў прыпынкаў. У шэрагу выпадкаў узнікае неабходнасць змены наяўных запісаў. Гэта тычыцца, перадусім, аўтобусных маршрутаў (у адрозненне, напрыклад, ад метро). Найболей часта такія выпадкі ўзнікаюць пры:

  • змене маршруту руху аўтобуса;
  • змене назваў вуліц;
  • з’яўленні новых маршрутаў;
  • дадаванні рэкламных аб’яў;
  • дадаванні папераджальных паведамленняў, напр., такіх як “Шаноўныя пасажыры, своечасова аплачвайце праезд”.

У гэтых выпадках неабходна або дапаўняць ужо наяўны запіс новымі паведамленнямі голасам таго ж дыктара, або перазапісваць увесь тэкст нанова, што прыводзіць да дадатковых выдаткаў часу і матэрыяльных сродкаў. Пры наяўнай тэхналогіі патрабуецца арганізацыя спецыяльных студыйных умоў для запісу голаса дыктара і наяўнасць спецыяльнай гуказапісвальнай апаратуры. Акрамя таго, узнікаюць чыста арганізацыйныя праблемы прыцягнення да запісу аднаго і таго ж дыктара (найчасцей нерэгулярныя і праз вялікія адрэзкі часу).

Альтэрнатывай пры вырашэнні гэтай праблемы з’яўляецца выкарыстанне распрацаванага ў лабараторыі распазнання і сінтэзу маўлення АІПІ Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі аўтаматызаванага працоўнага месца (АПМ) падрыхтоўкі гукавой інфармацыі, пабудаванага на базе стандартнага персанальнага камп’ютара і спецыяльнага праграмнага забеспячэння для сінтэзу маўлення па тэксце.

Сінтэзатар маўлення з’яўляецца камп’ютарнай праграмай, якая па ўведзеным тэксце ажыццяўляе галасавы вывад інфармацыі, а таксама стварае гукавыя файлы, якія адпавядаюць зададзенаму тэксту.

Пад сінтэзам маўлення разумеецца чытанне ўслых камп’ютарам любой тэкставай інфармацыі, а не ўзнаўленне загадзя запісаных гукавых файлаў.

Асноўныя магчымасці сінтэзатара маўлення:

  • сінтэз маўлення па зададзеным тэксце і стварэнне лічбавых гукавых файлаў на рускай ці беларускай мовах па выбары карыстальніка;
  • выбар голасу для стварэння гукавых файлаў з базы галасоў дыктараў (3 мужчынскія галасы, 2 жаночыя галасы);
  • выбар тыпу інтанацыі для стварэння гукавых файлаў з базы інтанацый (4 розныя тыпы);
  • запіс гукавых файлаў на дыск, дыскету, касету і г.д.

Акрамя таго, у сінтэзатары маўлення маецца магчымасць змены, настройвання наяўных галасоў і тыпаў інтанацый у адпаведнасці з патрабаваннямі пэўнага карыстальніка, а таксама магчымасць дадавання новых галасоў і новых інтанацыйных тыпаў.

Існуе магчымасць перанастройвання сінтэзатара для сінтэзу маўлення на іншых мовах. У лабараторыі распрацаваны прататыпы шматмоўных сінтэзатараў для славянскіх моў.

Сінтэзатар маўлення працуе на персанальным камп’ютары ў кожнай аперацыйнай сістэме сямейства Windows. Мінімальныя тэхнічныя патрабаванні да камп’ютара: аб’ём свабоднага месца на цвёрдым дыску – 20 Mb, тактавая частата працэсара – 166 MHz, аб’ём аператыўнай памяці – 32 Mb, наяўнасць гукавой карты.

If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.