(Беларуская) Лідчанін навучыў камп’ютар чытаць па-беларуску


Извините, этот техт доступен только в “Беларуская” и “Американский Английский”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in this site default language. You may click one of the links to switch the site language to another available language.

Извините, этот техт доступен только в “Беларуская” и “Американский Английский”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in this site default language. You may click one of the links to switch the site language to another available language.

2014-05-02Камп’ютар вучаць чытаць па-беларуску

30-гадовы навуковец нарадзіўся ў вёсцы Крупава Лідскага раёна. Вучыўся ў мясцовай сярэдняй школе, потым у гімназіі №1 горада Ліды. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзярж-універсітэта, магістратуру, аспірантуру, абараніў дысертацыю. Сёмы год працуе ў сферы сінтэзу маўлення і камп’ютарнай лінгвістыкі, выкладае ў БДУ і БДУІР.

Наш зямляк Юрась Гецэвіч – кандыдат тэхнічных навук, загадчык лабараторыі распазнавання сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – разам з камандай вучыць камп’ютар распазнаваць і агучваць беларускія тэксты.

…Юрась уводзіць тэкст у праграму, націскае на «пераўтварэнне» – і… надрукаваны тэкст імгненна перапрацоўваецца ў аўдыяфайл! Камп’ютар чытае ўслых сінтэзаваным, бы робат з фільма, голасам…

– Цуд, ды й толькі, – здзіўляюся я. – А ці складана было навучыць камп’ютар размаўляць па-беларуску? 

– Наша лабараторыя адна з першых на Беларусі распрацавала агульныя прынцыпы і прататыпы сінтэзатараў маўлення, якія падышлі да розных славянскіх моў: беларускай, рускай, украінскай, чэшскай. Працэс сінтэзу маўлення даволі складаны і ў той жа час вельмі захапляючы, працуе над ім вялікая каманда «фізікаў і лірыкаў»: лінгвісты, філолагі, стылісты, праграмісты. Што тычыцца беларускай мовы – машына павінна не толькі дакладна прачытаць тэкст, але і ўлічыць асаблівасці вымаўлення слоў, інтанацыйнага афармлення, націскі, асімілятыўнае змякчэнне і г.д.

– Гэта справа апошніх гадоў?

– Не, лабараторыя існуе больш за сорак год. Калі яшчэ мяне не было на свеце і камп’ютарныя тэхналогіі толькі пачалі развівацца ў нашай краіне, лабараторыя пад кіраўніцтвам доктара навук Барыса Лабанава пачала займацца тэхналогіямі маўлення: сістэмай распазнавання мовы і сістэмай сінтэзу, пераводам інфармацыі з гукавога выгляду ў тэкст і наадварот.

– На каго разлічана ваша праграма? І якое практычнае прымяненне яна знаходзіць? 

– Праграма сінтэзу маўлення па электронным тэксце карысная для слабабачачых і сляпых людзей ці тых, хто не можа чытаць, бо, напрыклад, кіруе аўтамабілем. Напрыклад, яна паспяхова выкарыстоўваецца ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку з 2006 года. Можа прымяняцца ў gps-навігатарах, «гаворачых» танометрах, тэрмометрах, вагах і іншых разнастайных электронных прыладах. З яе дапамогай можна чытаць RSS-рассылкі, перакладаць кнігі ў аўдыёфармат, агучваць сайты – усё гэта будзе садзейнічаць развіццю роднай мовы і яе захаванню.

– Для вас гэта вельмі важна?

– Так. Бо мова – Божы дар, якім трэба карыстацца, які трэба захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне.

 – У сям’і Вы таксама размаўляеце па-беларуску?

– Безумоўна! Жонка Святлана – філолаг французскай і англійскай мовы – і сынок Сымон таксама размаўляюць на роднай мове. Я ганаруся тым, што свае першыя словы наш сын сказаў па-беларуску. Калі мова будзе жыць у сям’і, яна будзе жыць і ў народзе.

– Летась на выставе «TIBO-2013» сапраўдны ажыятаж выклікалі мабільныя аўтаномныя беларускія робаты, якія размаўлялі на беларускай мове.

– Мы імкнёмся больш дзейсна ўкараняць сістэму маўлення ў робататэхніку. Каб жалязяка была інтэлектуальнай. І зноў жа, каб наша родная мова больш актыўна ўжывалася ў паўсядзённым жыцці, гучала паўсюдна. Таму шукаем зацікаўленых людзей і адкрыты да супрацаўніцтва.

P.S. Для вас, чытачы «ГП», – інтэрнэт-версія сінтэзатара маўлення па тэксце: www.corpus.by/tts3/ ад Юрася Гецэвіча. Уводзячы тэкст, пасля націскных галосных пішыце «плюсік», – каб машына бачыла, дзе трэба рабіць націск.

Ала БІБІКАВА
02.05.2014

Спампаваць (PDF, 854KB)

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.