“Камп’ютарная сістэма, распрацаваная нашымі вучонымі, прызначана для паглыбленага навучання інтанацыі вуснай мовы. Цяпер з яе дапамогай можна вывучаць асаблівасці вымаўлення ў рускай, кітайскай, нямецкай, а таксама ў брытанскай і амерыканскай англійскай мовах. Гэты спіс будзе папаўняцца за кошт стварэння адпаведных акустычных баз даных. Неўзабаве ў яго дададуць беларускую мову. Карэспандэнт «Р» даведалася падрабязнасці.
…
— Навучанне заснавана на параўнанні эталонных узораў інтанацыйных фраз з інтанацыяй выразаў, якія вымаўляе навучэнец, — сцісла тлумачыць сутнасць праграмы галоўны навуковы супрацоўнік Лабараторыі распазнавання і сінтэзу мовы Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Барыс Лабанаў, адкрываючы яе на ноўтбуку, каб было лягчэй разабрацца ў асноўных прынцыпах працы.
Пачынаем знаёмства з праграмай з яе версіі для тых, хто вывучае рускую мову. У ёй існуе сем асноўных інтанацыйных канструкцый. Яны адрозніваюць сэнс агучаных сказаў у залежнасці ад характару руху тону на ўдарным і прылеглых да яго складах. Вучоныя прапанавалі ацэньваць інтанацыю з дапамогай універсальнага меладычнага партрэта.
— Для стварэння праграмы мы выкарысталі даныя медыйных падручнікаў з прыкладамі гучання розных інтанацыйных сітуацый. Акустычная база даных уключае набор стандартных сказаў, які пакрывае ўсю разнастайнасць інтанацыйных эталонаў і іх варыяцый.
…
— Большасць студэнтаў вывучаюць толькі вымаўленне асобных слоў. Аднак вялікую ролю адыгрывае тое, з якой інтанацыяй іх вымаўляць у сказе, — Барыс Лабанаў указвае на распаўсюджаную памылку тых, хто вывучае замежныя мовы. — Іншамоўны акцэнт моцна выяўляецца ў інтанацыі, таму надавайце ёй асаблівую ўвагу. Інакш пра вас можа скласціся няправільнае ўражанне. Для вуха амерыканца рускамоўныя на англійскай мове часцяком гучаць недружалюбна. Адна з прычын гэтага — плоскі тон. Многія элементарна выкарыстоўваюць няправільную інтанацыю, гавораць роўна і манатонна.”
gorbatenko@sb.by