(Беларуская) Звязда: Чым здзіўляе Міжнародная выстаўка «Беларусь і Біблія»


Извините, этот техт доступен только в “Беларуская” и “Американский Английский”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in this site default language. You may click one of the links to switch the site language to another available language.

Извините, этот техт доступен только в “Беларуская”. For the sake of viewer convenience, the content is shown below in the alternative language. You may click the link to switch the active language.

«Свет зробіцца сапраўдным, калі запаветы будуць у нашых сэрцах, а не на скрыжалях і таблічках» — такія словы можна было пачуць падчас экскурсіі па міжнароднай выстаўцы «Беларусь і Біблія», якая адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Падаецца, яны як найлепей адлюстроўваюць сутнасць таго, што адбываецца на экспазіцыі. Пабачыць старадаўнія экспанаты — ёсць тыя, якім каля 5000 гадоў, паспрабаваць самому расчытаць старадрукі. Падумаць пра тое, чаму менавіта Бібліі ва ўсе часы ўдзяляецца столькі ўвагі? І, быць можа, знайсці для яе месца і ў сваім штодзённым жыцці.


Су­вой Мёрт­ва­га мо­ра — Пе­шэр Ісая, фраг­мент, І ст. да н. э. (фак­сі­міль­нае вы­дан­не).

Су­вой Мёрт­ва­га мо­ра — Пе­шэр Ісая, фраг­мент, І ст. да н. э. (фак­сі­міль­нае вы­дан­не).

Такім чынам, экспанаты, прывезеныя ў беларускую сталіцу, сапраўды надзвычай каштоўныя. І не толькі ў духоўным сэнсе, але і ў самым непасрэдным матэрыяльным. Арганізатары нават не сталі раскрываць усіх сакрэтаў дастаўкі ў Мінск такіх каштоўных прадметаў (часам таямніца павінна застацца таямніцай), і паглядзець сапраўды ёсць на што. Гэта рэчы, якія маюцца ва ўласнасці некамерцыйнай арганізацыі «Група даследавання рукапісаў» (Mаnusсrірt Rеsеаrсh Grоuр, ЗША). Таксама прадстаўлены прадметы, атрыманыя на часовае экспанаванне з 11 дзяржаўных і прыватных калекцый ЗША, Вялікабрытаніі і Ізраіля. Яшчэ частка экспанатаў — рарытэты са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, і яны каштоўныя тым, што прадстаўляюць акурат айчыннае кнігадрукаванне ў гэтай сусветнай палітры стварэння, экспанавання і перадачы Бібліі.

На ўрачыстым адкрыцці выстаўкі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падагульніў, што каля 200 унікальных рукапісных і старадрукаваных рарытэтаў кніжнай культуры, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захавання Бібліі, наведвальнікі экспазіцыі змогуць убачыць да 21 кастрычніка. «На гэтай выстаўцы нам хацелася прадставіць Біблію як кнігу агульначалавечых каштоўнасцяў, важных для народаў усяго свету. Незалежна ад прыналежнасці да канфесій, ад таго, на якой мове гаворым, мы ўсе аб’яднаны каштоўнасцямі, якія шануюцца праз стагоддзі,» — рэзюмаваў дырэктар.

— Гэта выстаўка, на якой мы ўпершыню маем унікальную магчымасць убачыць сапраўдныя старажытныя тэксты велізарнай духоўнай і гісторыка-культурнай каштоўнасці, — звярнуў увагу прысутных намеснік міністра культуры Беларусі Аляксандр ЯЦКО. — Гэта кніжныя помнікі, якія вызначылі для заходняй цывілізацыі не толькі духоўны, але і эканамічны, палітычны і сацыяльны кірункі развіцця.

Адзін з галоўных прадстаўнікоў «Групы даследавання рукапісаў» археолаг Скот Кэрал расказаў, што нечым падобныя выстаўкі яны імкнуцца прадставіць і ў іншых краінах. Аднак гэта экспазіцыя асаблівая:

— Рабіць такую выстаўку — як заходзіць у новы ручай… Галоўная тэма экспазіцыі бярэ пачатак з выстаўкі ў Ватыкане, а вясной 2017 года мы пачалі новую фазу ў Ганконгу. Менавіта тады дадалі экспанаты з Кітая, каб яны сталі часткай калекцыі, і гэта стварыла новы кірунак. Цяпер да экспанатаў з нацыянальных бібліятэк, з міністэрстваў культуры — фактычна, людзі прадстаўляюць уласныя рарытэты — мы дадаём свае зборы. У выніку атрымліваецца такая камбінацыя, якую раней нідзе ў іншых месцах пабачыць было немагчыма. Пасля Беларусі мы адкрываем выстаўку на культурным форуме ў Санкт-Пецярбургу, затым у Маскве, у іншых гарадах Расіі. А пасля завітаем у Папуа — Новую Гвінею. Калі ж вярнуцца да мінскай экспазіцыі, то яна адметная тым, што некаторыя з гэтых прадметаў у прынцыпе ніхто ніколі ў жыцці не бачыў (акрамя іх уладальнікаў). Менавіта такая камбінацыя экспанатаў таксама з’яўляецца ўнікальнай.

Лекцыя «Біблія і навука» Нобелеўскага лаўрэата Кенэта Брокмана адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 23 верасня ў 15:00.

— Кенэт Брокман атрымаў Нобелеўскую прэмію свету ў складзе Магатэ, ён займаецца ядзернай фізікай і з’яўляецца спецыялістам у пытаннях ядзернай бяспекі. — каментуе кандыдат гістарычных навук Андрусь УНУЧАК. — Лекцыя будзе карыснай, каб зразумець, што няма ніякай супярэчнасці паміж верай і навукай, а, наадварот, гэта ўзаемадапаўняльныя рэчы. Кенэт Брокман таксама распавядзе пра развіццё сучасных тэхналогій, пра тое, у якім кірунку рухаецца наш свет і чаму важна чалавеку ў атамны век абапірацца на каштоўнасці. Натуральна, усё гэта навуковец прадставіць праз асабісты досвед.

Кожны дзень на выстаўцы будуць працаваць валанцёры, якія дапамогуць сарыентавацца ў багацці экспазіцыі. Да таго ж кожны дзень плануе прысутнічаць і каманда на чале са Скотам Кэралам — каб з першых вуснаў распавесці пра цікавыя экспанаты.

Дарэчы, спецыяльна да выстаўкі распрацаваны гід з малюнкамі і апісаннямі, які лёгка адшукаць па электронным адрасе. Яго можна як спампаваць сабе на тэлефон, так і наўпрост азнаёміцца з выстаўкай праз камп’ютар, седзячы дома.

Кіраўнік распрацоўкі, кандыдат тэхнічных навук, загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юрась ГЕЦЭВІЧ патлумачыў:

— Мы былі падрыхтаваныя да таго, каб рабіць для закрытых памяшканняў аўдыягіды, якія могуць устанаўлівацца ў мабільны тэлефон. Замежныя калегі зацікавіліся распрацоўкай з той прычыны, што гэта надзвычай дарагая выстаўка, вельмі каштоўныя прадстаўлены на ёй экспанаты — і яны будуць знаходзіцца ў нас усяго адзін месяц. А пасля іх перавязуць — таму і захацелі зрабіць аўдыягід, які можна будзе паслухаць і пазней. Такім чынам, мультымедыйнае прыстасаванне дазваляе зрабіць экскурсію, якую кожны чалавек зможа паслухаць, і даведацца пра выстаўку больш, нават калі яна скончыцца. Кліент зможа не толькі паслухаць аўдыя-, але і паглядзець фотаздымкі. Мы стварылі праграму на беларускай мове, але неўзабаве будзе даступна таксама яе рускамоўная і англамоўная версіі.

Варта дадаць, што на выстаўцы прадугледжана шмат розных забаў і для самых маленькіх наведвальнікаў. Адметна, што прывезена дакладная копія друкарскага станка Гутэнберга, і ім можна пакарыстацца. Сярод забаў для дзетак — і садок, і школа. Ёсць рэчы, да якіх малыя могуць дакранацца. Арганізатары чакаюць і вельмі хацелі б, каб выстаўку наведалі не толькі дарослыя, але і тысячы дзяцей, бо там ім будзе чым заняцца.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч:

— Выстаўка пераносіць наведвальнікаў у тую эпоху, калі кнігадрукаванне і друкаваныя творы толькі зараджаліся. Таксама тут можна пабачыць пераклады Новага і Старога Запаветаў на сучасную беларускую мову… Нацыянальная беларуская біблейская школа ўнікальная тым, што ўключае як усходнюю, так і заходнюю традыцыі перакладаў Святога Пісання. Адкрыццё ў Мінску міжнароднай выстаўкі «Беларусь і Біблія» цалкам лагічнае — гэта азначае, што ўклад краіны ў папулярызацыю Бібліі і пераклады Святога Пісання высока ацэнены. 200 унікальных экспанатаў, выстаўка помнікаў глыбіннай кніжнай культуры яскрава адлюстроўваюць гісторыю з’яўлення, распаўсюджвання і захавання Божага Слова. Біблія, якая з’яўляецца жывым голасам Бога да чалавека, гэта тое пісьмо, якое Бог напісаў да кожнага, пісьмо заўсёды актуальнае.

Протаіерэй Сергій ГАРДУН:

— Пра тое, што нам усім трэба нагадваць пра Біблію і пра важнасць яе, царква памятае. Але каб шырэй несці ў грамадства ідэю патрэбнасці Слова Божага, вельмі карыснай з’яўляецца гэта выстаўка. Гасподзь паставіць на вышыню тых, хто стараецца жыць паводле гэтага Слова. На выстаўцы мы бачым і Тураўскае Евангелле, першую беларускую рукапісную кнігу, і Слуцкае Евангелле, і іншыя славутыя помнікі. І калі мы іх разгорнем, то зразумеем, з якой любоўю старажытныя перапісчыкі выводзілі кожную літару, падбіралі застаўкі, укладаючы ўсю сваю пяшчоту і замілаванне да Слова Божага. Вельмі прыемна бачыць і перавыдадзеную спадчыну Францыска Скарыны — такім чынам яна таксама зрабілася бліжэйшай да нас.

Пастар царквы «Ян Прадвеснік» Антоній Бокун:

— Важнасць выстаўкі ў тым, што прадстаўлены як артэфакты, якія паказваюць гісторыю напісання і перадачы Бібліі фактычна ад часоў Маісея і Аўраама і аж да часоў апостала Паўла і далей. Ад скруткаў Мёртвага мора да Гутэнберга, Скарыны і аж да сённяшніх дзён. Атрымліваецца такая поўная карціна жыцця Бібліі на працягу больш як чатырох тысяч гадоў. Гэта тая кніга, якая сфарміравала сучасную культуру. Без яе ведання і разумення немагчыма ўявіць грамадства. Калі ж казаць пра сучасны свет, то Біблія — быццам ікона ў куце. Многія пра яе ведаюць, хтосьці нават звяртаў увагу. Але ў некаторых аспектах яна быццам выкінутая за межы інтэлектуальнага жыцця. Таму мэта выстаўкі — звярнуць увагу нават тых людзей, якія маюць, ведаюць Біблію, каб яны паглядзелі на яе іншымі вачыма і змаглі сцерці пыл з вокладкі, разгарнуць і пачытаць яе старонкі…

Брон­за­вая га­ла­ва ка­ня (Лу­сі­ян Бус­та­ман­тэ, ХХ ст.).

Брон­за­вая га­ла­ва ка­ня (Лу­сі­ян Бус­та­ман­тэ, ХХ ст.).

Па­пі­рус Бад­ме­ра, Па­слан­ні апост­ала Пят­ра, ІІІ ст. (фак­сі­міль­нае вы­дан­не).

Па­пі­рус Бад­ме­ра, Па­слан­ні апост­ала Пят­ра, ІІІ ст. (фак­сі­міль­нае вы­дан­не).

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота Кастуся ДРОБАВА

Крыніца

Спампаваць (PDF, 2.82MB)

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.