Мабільная праграма «Падлік частотнасці сімвалаў» выконвае сімвальную апрацоўку тэксту на мабільным тэлефоне.
Праграма з’яўляецца мабільнай рэалізацыяй сэрвісу «Падлік частотнасці сімвалаў», размешчанага на камп’ютарна-лінгвістычнай платформе www.corpus.by.
На ўваход карыстальнік падае электронны тэкст на беларускай, англійскай ці рускай мове, пазначае адпаведную мову апрацоўкі. Пры націсканні кнопкі «Апрацаваць» праграма выконвае сімвальную апрацоўку тэксту (малюнак 1).
На выхадзе карыстальнік атрымлівае частотнасць сімвалаў у выглядзе табліцы, дзе маюцца калонкі з наступнай інфармацыяй:
- сімвал;
- колькасць яго ўжывання ў натуральных лічбах і працэнтах адносна ўсёй колькасці сімвалаў ва ўваходным тэксце;
- код сімвала ў фармаце Юнікод;
- назва сімвала.
Таксама карыстальнік даведаецца агульную колькасць сімвалаў і слоў і колькасць унікальных сімвалаў.
Праграма дапамагае выявіць неадпаведныя ўжыванні сімвалаў і выправіць электронны тэкст для далейшага ўжывання і апрацоўкі. Напрыклад, частай з’явай ёсць ужыванне лацінскіх сімвалаў «і» ў беларускамоўных электронных тэкстах, што стварае перашкоды для далейшай якаснай апрацоўкі тэкставай інфармацыі, напрыклад, расстаноўкі слоў па алфавіце. Таксама з дапамогай гэтай праграмы можна выявіць неадпаведнасці ва ўжыванні дужак, двукоссяў і інш.
Пасля выпраўлення знойдзеных праграмай памылак тэкст становіцца больш тыпаграфічна правільным.
Праграма размешчана для свабоднай загрузкі і выкарыстання на пляцоўцы Google Play Market (часова недаступная, ідуць праўкі).