Крочым па Беларусі


РАСПРАЦОЎКА МАБІЛЬНАЙ ПРАГРАМЫ Ў СФЕРЫ ТУРЫЗМА ДЛЯ АБЛАСНЫХ ЦЭНТРАЎ БЕЛАРУСІ

DSC_0020

Каманда распрацоўшчыкаў KrokApp на міжнароднай канферэнцыі BigData-2016

Інфарматызацыя сучаснага грамадства адбываецца ўжо не толькі праз распаўсюджванне персанальных камп’ютараў, але і праз папулярызацыю выкарыстання мабільных тэлефонаў, а больш дакладна – смартфонаў.

Згодна з заявай кіраўніка каманды пошуку Google Аміта Сінгхала (Amit Singhal), летам 2015 года колькасць мабільных пошукаў у Google упершыню перавысіла колькасць дэсктопных. З гэтага можна зрабіць выснову, што павялічылася колькасць карыстальнікаў мабільнымі прыстасаваннямі, а гэта ў выніку дае павелічэнне выкарыстання мабільных праграм. Таму важна далучыцца да распрацовак мабільных прыстасаванняў у сферы турызму, якія могуць быць карыснымі як для жыхароў Рэспублікі Беларусь, так і для замежных грамадзян.

На падставе зместу дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь вядома, што турызм з’яўляецца адной з важнейшых сфер эканомікі. Дадзены від дзейнасці накіраваны на задавальненне патрэбы людзей у знаёмстве з гісторыяй, культурай, традыцыямі, духоўнымі і рэлігійнымі каштоўнасцямі розных краін і народаў.

Канцэпцыя мабільнага прыстасавання накіравана на дасягненне трох асноўных мэтаў: экскурсійная прэзентацыя гарадоў без удзелу чалавека-экскурсавода, фарміраванне цікавасці да гісторыі Беларусі і стварэнне станоўчага іміджу краіны. Мэтавай аўдыторыяй з’яўляюцца жыхары Рэспублікі Беларусь і турысты, якія валодаюць англійскай мовай. З далейшай распрацоўкай KrokApp будзе дазваляць хутка і якасна спланаваць экскурсію па горадзе для сябе, сваіх сяброў і гасцей.

З KrokApp жыхары і госці беларускіх гарадоў ужо зараз могуць паслухаць цікавыя факты пра знаёмыя мясціны, пашырыць веды ў гісторыі краіны. Варта адзначыць, што прыкладанне даступна пакуль што толькі для карыстальнікаў, тэлефон якіх працуе на платформе Android. Але мы ўжо прапрацоўваем пытанне запуску прыкладання на платформах Windows і iOS.

У KrokApp распрацоўваюцца функцыі для замежных гасцей: яны змогуць не толькі паслухаць экскурсію, але і навучыцца формам ветлівасці на беларускай мове, назвам страў і беларускім традыцыям.
Экскурсія на англійскай мове можа быць прапанавана таксама і беларускім студэнтам адпаведных спецыяльнасцей для павышэння навыкаў аўдзіравання ці падрыхтоўкі ўласнай экскурсіі для сваёй групы.

Структура мабільнага прыкладання KrokApp уключае ў сябе сукупнасць наступных старонак: старонка-лагатып; галоўнае меню, у якім ёсць магчымасць выбару мовы (беларуская, англійская, руская); старонка выбару тыпу маршруту (экскурсійны, кафэ і рэстараны або шопінг); пералік гарадоў (Мінск, Гродна, Брэст, Віцебск, Магілёў, Гомель); старонка выбару тыпу экскурсіі (тэматычная экскурсія, аглядная экскурсія); пералік кропак агляду для кожнага горада адпаведна.
На дадзены момант створаны працоўны прататып: мабільная праграма KrokApp, якую можна спампаваць у Google Play Market па наступнай спасылцы: https://play.google.com/store/apps/details?id=by.ssrlab.krokapp&hl=be ці па пошукавым запыце KrokApp у Google Play Market.

У прыкладанні прапрацаваны беларускамоўны, англамоўны і рускамоўны падраздзелы. Для апісання кропак агляду дададзены фотаздымкі мясцін ці будынкаў, друкаваны тэкст і гукавы файл.

Для агучвання тых тэкстаў, якія не былі начытаныя дыктарам, у будучыні плануецца агучваць тэксты з дапамогай сэрвісу “Сінтэз маўлення па тэксце”, распрацаваным на базе лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення АІПІ НАН Беларусі.

Крыніца: http://gazeta-navuka.by/novosti/1215-krochym-pa-belarusi

Спампаваць (PDF, 1.9MB)

If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.