ТБМ прадставіла беларускамоўны варыянт Правілаў дарожнага руху


20 сакавіка ў Мінску, у сядзібе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” адбылася прэзентацыя беларускамоўнага варыянту Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь, які прайшоў экспертызу ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

pdrГэтае прыгожае даведачнае выданне, з густам надрукаванае тыражом у 200 экземпляраў, пабачыла свет у сталічным выдавецтве “Радыёла-плюс”.

Каардынатар праекта, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім выказала падзяку ўсім прадстаўнікам грамадскасці, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і выдання правілаў, у першую чаргу — маладым сталічным навукоўцам Святлане і Юрасю Гецэвічам, якія па сваёй уласнай ініцыятыве працавалі над гэтай тэмай, палічыўшы яе важнай і актуальнай, а потым перадалі свае напрацоўкі кіраўніцтву грамадскага аб’яднання. Паводле яе слоў, тэкст кніжкі адпавядае прынцыпам дакладнасці, аднастайнасці і выверанасці. Анісім паведаміла, што ўжо падрыхтавана электронная версія канспекта па вывучэнню Правілаў дарожнага руху на беларускай мове, а таксама запланавана падрыхтаваць тэставыя матэрыялы для беларускамоўнага экзамену на правы кіроўца. Паводле яе слоў, нядаўна ў грамадскага аб’яднання з’явіўся свой інтэрнэт-партал tbm-mova.by, на якім змешчана электронная версія правілаў. “Мы толькі тады нечага дасягаем, калі ведаем, чаго хочам, — сказала Анісім. На яе думку, беларуская грамадскасць стаіць на парозе здзяйснення ўсяго таго, чаго нестае грамадству. “Грамада — гэта магутны гмах, яна можа шмат што зрабіць, толькі трэба зразумець, што гэта патрэбна не табе аднаму, але і іншым. І трэба знайсці аднадумцаў і паклікаць іх на дапамогу, — адзначыла намесніца старшыні аб’яднання.

Паводле слоў старшыні ТБМ Алега Трусава, кніжка рыхтавалася грамадскім аб’яднаннем каля шасці гадоў. З улікам ўсіх заўваг мяркуецца падрыхтаваць да восені гэтага года наступнае выданне правілаў і надрукаваць яго масавым тыражом, сказаў старшыня грамадскага аб’яднання. “Гэтая кніга павінна быць у кожнай сям’і, бо адны едуць, другія ходзяць, а ўсе павінны ведаць правілы, — падкрэсліў Трусаў. Паводле яго слоў, каб правілы дарожнага руху сталі афіцыйным дакументам,зацверджаным указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кніга будзе перададзена ўладам. Разам з тым, старшыня ТБМ выказаў падзяку Адміністрацыі прэзідэнта і ўпраўленню Дзяржаўтаінспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў за дазвол на выданне правілаў.

Выдавец кніжкі Уладзімір Сіўчыкаў звярнуў увагу на тое, што правілы — адметнае выданне, якое па сваёй якасці значна пераўзыходзіць свае ўсе рускамоўныя версіі. Паводле яго слоў, сімвалічны і дызайн вокладкі, зробленай у колерах нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга і без ужытку забараняльных знакаў. “У нас і так існуе вельмі шмат розных забаронаў, — сказаў Сіўчыкаў. Цікавасць сродкаў масавай інфармацыі да новага выдання ён назваў “проста фенаменальнай.

Юрась і Святлана Гецэвічы на прэзентацыі

Юрась Гецэвіч адзначае, што выданне правілаў з’яўляецца прэцэдэнтам, якія паказвае беларусам, як падрыхтаваць пераклад на родную мову любога важнага дзяржаўнага дакумента, правесці яго лінгвістычную экспертызу ў акадэмічным Інстытуце мовы і літаратуры, а затым выдаць.

21.03.2012

Марат Гаравы

Крыніца: http://novychas.info/fakty_padziei_liudzi/tbm_pradstav_la_belaruskamo_ni/

Спампаваць (PDF, 197KB)

Калі Вы знайшлі ў тэксце памылку правапісу, калі ласка, выдзеліце гэты тэкст і націсніце Ctrl+Enter.