БНР-100. Аўдыягід па Мінску


Цяпер можна за пару клікаў пазнаёміцца з гісторыяй абвяшчэння БНР: Акадэмія навук распрацавала мабільны аўдыягід па падзеях 1918 года ў сучасным Мінску.

Аўдыягід «БНР100» прымеркаваны да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. Ён віртуальна правядзе карыстальніка па вуліцах і будынках сучаснага Мінска, дзе ў 1918 годзе адбывалася абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

На мапе Мінска адзначаныя і пранумараваныя гістарычныя кропкі, на кожнай з якіх можна паслухаць расповед і пабачыць фотаздымкі — гістарычныя і сучасныя. Карыстальнік можа прайсці гэты маршрут як віртуальна (з тэлефонам у руцэ не сыходзячы з месца), так і рэальна, праходзячы кропкі ў парадку на свой густ.

У віртуальнай экскурсіі прадугледжаныя наступныя кропкі: месца Курлоўскага расстрэлу, друкарня Грынблата, Купалаўскі тэатр, дзе адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, будынак Рады БНР, будынак ураду БНР, Дом Незалежнасці на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць БНР, ды іншыя кропкі, звязаныя з гісторыяй і асобамі БНР.

Кантэнт аўдыягіда створаны пры падтрымцы спецыялістаў Інстытута гісторыі НАН і даступны на беларускай і англійскай мове.

Аўдыягід распрацаваны Лабараторыяй распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі ў межах падрыхтоўкі да канферэнцыі «Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці», што прайшла 15-16 сакавіка ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

Праграма даступная ў Google Play па запыце «БНР 100» для прылад на базе Android. У планах распрацоўшчыкаў — аналаг для iOS і пашырэнне кантэнту.

Калі Вы знайшлі ў тэксце памылку правапісу, калі ласка, выдзеліце гэты тэкст і націсніце Ctrl+Enter.