У XIX стагоддзі ўраджэнец Беларусі стварыў літаратурную мову якутаў, у XXI — беларускія вучоныя навучылі размаўляць на ёй камп’ютар.
“Талбон” і “Сата”
Навучыць камп’ютар размаўляць па-якуцку. З такой просьбай кіраўніцтва расійскага Паўночна-Усходняга федэральнага ўніверсітэта імя М.К. Амосава ў Якуцку звярнулася да вучоных лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН.
Сінтэзатар якуцкага маўлення дазваляе агучваць пісьмовыя тэксты, што незаменна для людзей з парушэннем зроку.
А праграма “гаворачая галава” перадае на маніторы міміку гаворачага чалавека. Гэта дазваляе разумець тэкст людзям з парушэннем слыху.
Ва ўніверсітэце Якуцка ўжо многа гадоў дзейнічае вучэбна-навуковая лабараторыя адаптыўных камп’ютарных тэхналогій. Кажуць, яна не мае аналагаў у Расіі. Гэта навукова-практычны цэнтр развіцця інклюзіўнай адукацыі.
Амаль усе супрацоўнікі лабараторыі маюць праблемы са зрокам і слыхам. Таму ім лягчэй зразумець патрэбы студэнтаў з асаблівымі адукацыйнымі запатрабаваннямі. Каб быць канкурэнтаздольнымі, студэнтам з фізічнымі асаблівасцямі трэба быць вельмі адукаванымі.
Да беларускіх навукоўцаў якуты звярнуліся не выпадкова. Лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН ужо больш за сорак гадоў і яна вядомая далёка за межамі краіны.
Праца якуцкіх і беларускіх спецыялістаў удалая: мужчынскі голас “Талбон” і жаночы “Сата” прыемна слухаць, нават не разумеючы ні слова па-якуцку.
— Структура алгарытмаў і набор рэсурсаў лабараторыі дазваляюць нам максімальна хутка распрацаваць сінтэзатар маўлення любой мовы, нават вельмі рэдкай, — кажа загадчык лабараторыі Юрый Гецэвіч.
Якуцкая мова (саманазва — саха тылу) адносіцца да цюркскай групы моў. Колькасць яе носьбітаў, паводле перапісу насельніцтва 2010 года, складае 450 тысяч чалавек. Якуцкая мова рэзка адрозніваецца ад іншых цюркскіх моў наяўнасцю пласта лексікі незразумелага паходжання. Ёсць таксама мноства мангольскіх запазычанняў.
З чаго “шыюць” словы
Стварэнне сінтэзатара маўлення — праца вельмі карпатлівая. Запісаны голас чалавека разбіваецца на маленечкія складнікі — алафоны (драбнюткія варыяцыі фанемы). Тысячы алафонаў “сшываюцца” ў словы. Каб атрымаць усе алафоны рускай і беларускай моў, навукоўцам дзякуючы распрацоўцы спецыяльнага тэксту спатрэбілася ўсяго шэсць хвілін запісу дыктара.
Праграма, створаная ў лабараторыі, карыстаецца многімі мільёнамі беларускіх і рускіх слоў. Пры гэтым трэба навучыць яе правільна расстаўляць націскі, адрозніваць словы з аднолькавым напісаннем, але розным значэннем, рэагаваць на знакі прыпынку, распазнаваць лічбавыя сімвалы (напрыклад, 2015 год чытаць не проста як набор лічбаў), правільна прамаўляць матэматычныя і хімічныя формулы і многае-многае іншае.
Камп’ютар падкажа, дапаможа, папярэдзіць
Распрацоўкі навукоўцаў маюць вялікае практычнае прызначэнне. Сінтэзатар маўлення выкарыстоўваюць як галасавы інфарматар у многіх сферах жыцця. Ён здольны папярэдзіць аб няштатнай сітуацыі на аб’ектах з павышанай небяспекай, агучыць электронны ліст або СМС-пасланне, правесці тэлефоннае апытанне, нагадаць пра запазычанасць па аплаце камунальных паслуг і крэдытаў і г.д.
Не так даўно супрацоўнікі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі на выставе інфармацыйных тэхналогій “ТІБО” паказалі некалькі мадэляў універсальных мабільных робатаў на гусенічным шасі, якія напэўна зацікавяць ратавальнікаў і супрацоўнікаў спецслужбаў. Робаты не толькі здольныя вызначаць розныя перашкоды па ходу свайго руху, але і апісваць іх літаратурнай беларускай мовай.
Дарэчы, сінтэзатар беларускай мовы — асаблівая гордасць супрацоўнікаў лабараторыі. Ён не толькі добры памочнік для тых, хто вучыць мову. Сінтэзатар дапаможа захаваць чысціню роднай мовы для наступных пакаленняў.
Праграма сінтэзу вымаўлення ўжо сёння дае магчымасць агучыць любы тэкст на рускай і беларускай мовах з інтэрнэта, у тым ліку кнігі і падручнікі. З яе дапамогай можна праслухаць свежыя інтэрнэт-навіны (па спасылцы — www.corpus.by). Гэта робіць праграму незаменнай не толькі для людзей са слабым зрокам, але для ўсіх тых, у каго няма часу чытаць, затое яны могуць слухаць навіны — як фон.
Хтосьці скажа, што камп’ютарнаму голасу не хапае эмацыянальнасці, ён залішне аднастайны. Навукоўцы лабараторыі не спрачаюцца і працягваюць працаваць над яго ўдасканаленнем.
У камп’ютарнага голаса ёсць правобраз — маўленне прафесара Барыса Лабанава, які шмат гадоў узначальваў лабараторыю, а сёння працуе тут галоўным навуковым супрацоўнікам. Барыс Мяфодзьевіч вучыў размаўляць камп’ютар адным з першых у Савецкім Саюзе. Менавіта ён стварыў базіс, на якім сінтэз маўлення развіваецца і ў Беларусі, і ў Расіі.
Пякарскі Эдуард Карлавіч — мовазнаўца, этнограф, фалькларыст, усходазнавец.
Нарадзіўся 13 кастрычніка 1858 года ў маёнтку Пятровічы Ігуменскага павета Мінскай губерні. У 1877 г. пачаў вучобу ў Харкаўскім універсітэце, але ўжо ў наступным годзе быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1881 г. быў сасланы ў Якуцію з пазбаўленнем усіх правоў і стану. На далёкай і закінутай зямлі ён не страціў розуму і цікавасці да жыцця, як многія яго таварышы па няшчасці. Пякарскі стаў дапамагаць якутам складаць афіцыйныя просьбы, весці судовыя працэсы, вырашаць іншыя пытанні. Мясцовыя таксама падтрымлівалі ссыльнага студэнта чым маглі. “Сродкаў для жыцця няма, — пісаў ён бацьку. — І калі б не якуты, я павінен быў бы прапасці ад голаду”.
Галоўнай справай жыцця Пякарскага стаў трохтомны “Слоўнік якуцкай мовы”, які перавыдаюць да гэтага часу. Калі будучы навуковец прыступіў да збору матэрыялу для слоўніка, лічылася, што ў якуцкай мове ёсць усяго тры тысячы слоў. Але ўжо да 1887 года Эдуард Карлавіч сабраў іх 7 тысяч. Якуція стала справай усяго яго жыцця. У 1930 годзе фундаментальны слоўнік якуцкай мовы, выпушчаны Акадэміяй Навук СССР, складаўся з 25 тысяч слоў, а яшчэ — са звестак па гісторыі, культуры, побыце, звычаям народа. Пякарскі, па сутнасці, стварыў трохтомную энцыклапедыю народнага жыцця якутаў. Але складаў ён слоўнік тады, калі ў якутаў яшчэ не было пісьменства. Так што гэта і тытанічная, і архіважная праца.
У 1905—1910 гадах Пякарскі быў на службе ў этнаграфічным аддзеле Рускага музея, а з 1911 г. — у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі, дзе працягваў даследаванні якуцкай мовы, этнаграфіі якутаў і эвенкаў. У 1927 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР, у 1931 г. — ганаровым акадэмікам. За выпуск “Слоўніка якуцкай мовы” быў удастоены Вялікага залатога медаля Рускага геаграфічнага таварыства. Памёр 29 чэрвеня 1934 года, пахаваны ў Санкт-Пецярбургу.