KrokApp: створаны першы мабільны аўдыягід па гарадах Беларусі


Мабільнае прыстасаванне, якое было распрацавана на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, дазволіць падарожнічаць па краіне з камфортам.

vokzal1 zimniy_sad1

Ідэя праекта належыць мінчанцы Алене Крывальцэвіч. Дзяўчына часта падарожнічае па краіне. Але без спецыяльнай падрыхтоўкі часта не ведае, што варта паглядзець у тым ці іншым горадзе. Прыйшоўшы на працу ў Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі (па прафесіі Алена кампутарны лінгвіст, яна працуе ў лабараторыі распазнання і сінтэзу гаворкі), дзяўчына прапанавала кіраўніцтву і сваім калегам праект мабільнай праграмы, якая дапамагла б вырашыць як яе праблемы, так і многіх іншых турыстаў.

Па словах Алены Крывальцэвіч, «ідэя ў тым, каб карыстальнікі маглі хадзіць па горадзе самастойна. Калі чалавек уключае гэтую мабільную прыладу, ён можа пазначыць, колькі ў яго ёсць гадзін, каб паглядзець архітэктурныя адметнасці. KrokApp павінен разлічыць кропкі агляду, якія можа ўбачыць гэты чалавек, і прапанаваць маршрут, як да іх прайсці. Калі ў яго ёсць паўгадзіны, яму будуць прапанаваны, напрыклад, пяць кропак. Калі гадзіна або дзве, кропак будзе нашмат больш. Ёсць людзі, якія любяць згубіцца ў горадзе – для іх ёсць спецыяльная прапанова. Калі чалавек будзе праходзіць побач з кропкай агляду, аўдыягід будзе ўключацца аўтаматычна і расказваць пра пэўную славутасць».

Працоўная мадэль праграмы зробленая на базе Android. Сама праграма KrokApp ўжо апублікавана ў Google Play у тэставым варыянце. Зараз у бясплатным доступе прадстаўлены тры горада: Мінск, Брэст і Гродна. У кожным з іх – па пяць кропак агляду. У сталіцы гэта чыгуначны вакзал, «Брама Мінска», плошча Незалежнасці, Чырвоны касцёл і Дом ураду. У Брэсце – Брэсцкая крэпасць, алея літаратурных ліхтароў, чыгуначны вакзал, зімовы сад і помнік тысячагоддзя Брэста. У Гродне – Стары і Новы замкі, Фарны касцёл, Каложская царква, лютэранская кірха і гродзенскі заапарк. Пра кожны з аб’ектаў можна праслухаць кароткую інфармацыю (на адну-дзве хвіліны), пададзеную на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай). Паводле інфармацыі Алены, пакуль мабільную праграму ўсталёўвалі 475 разоў. Часцей за ўсё гэта карыстальнікі з Беларусі, Украіны і Расіі, а таксама з ЗША і Германіі.

Як тлумачыць Алена, яна ведае пра існаванне замежных аналагаў KrokApp. Але яны недапрацаваныя, а інфармацыі пра Беларусь у іх практычна няма. У лепшым выпадку гэта спіс помнікаў.

Каманда стваральнікаў KrokApp спадзяецца, што ў перспектыве дзякуючы мабільнаму прыстасаванню можна будзе пазнаёміцца з архітэктурнымі помнікамі. А таксама, пры неабходнасці, даведацца, дзе знаходзіцца бліжэйшы рэстаран, кінатэатр і нават грамадская прыбіральня. У далейшым каманда, якая стварае KrokApp, плануе дадаць інфармацыю аб усіх гарадах Беларусі. Таксама каманда разлічвае на тое, што прадастаўляць кантэнт для мабільнага прыкладання будзе цікава не толькі прафесійным экскурсаводам і гісторыкам, але і самім жыхарам гарадоў.

Пакуль каманда стваральнікаў KrokApp, якая налічвае сем чалавек (сярод іх праграмісты, маркетолагі, праекціроўшчык, дызайнер), рыхтуецца да фіналу восьмага рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, пераможцы якога атрымаюць матэрыяльную падтрымку ад мецэнатаў і спонсараў.

У далёкай перспектыве стваральнікі праграмы спадзяюцца, што ім удасца не толькі прыцягнуць у краіну турыстаў, але і зацікавіць суайчыннікаў. Як распавядала Алена, яна і яе калегі выходзілі «ў народ» з камерай і праводзілі апытанне, ці ведаюць іх суразмоўцы беларускія славутасці.

«Большасць людзей называлі ўсяго некалькі славутасцяў. Часцей за ўсё нацыянальную бібліятэку І Брэсцкую крэпасць».

Чытаць цалкам: https://news.tut.by/culture/522856.html

7 снежня 2016
Дзяніс Марціновіч, TUT.BY

Спампаваць (PDF, 1.5MB)

If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.