СБ: Гід у кішэні


СТВОРАНЫ МАБІЛЬНЫ АЎДЫЯГІД ПА БЕЛАРУСІ

Мабільнае прыстасаванне KrokApp – аўдыягід па гарадах Беларусі – створана ў лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута інфарматыкі НАН Беларусі. Бо колькасць самастойных падарожнікаў, як і карыстальнікаў мабільных праграм, стала павялічваецца. А новая распрацоўка, ужо даступная для бясплатнай спампоўкі ў Google Play Market, распавядзе турыстам пра славутасці краіны на беларускай, рускай і англійскай мовах, дапаможа ў шопінгу, пры выбары кавярні або рэстарана.

DSC_0020

– Наш праект адукацыйны, забаўляльны і навуковы. Па сутнасці, мы робім платформу, дзе можна размяшчаць тэматычныя гукавыя, фота-, відэафайлы, а таксама тэкставыя файлы, якія загучаць пры дапамозе нашай сістэмы сінтэзу гаворкі. Пакуль аўдыягід ахоплівае тры гарады – Мінск, Гродна, Брэст, але ў бліжэйшыя месяцы да іх дададуцца Віцебск, Магілёў, Гомель. А ў перспектыве KrokApp папоўніцца новымі кропкамі, іх будзе па дзве-тры ў кожнай вобласці, – дзеліцца планамі загадчык лабараторыі, кандыдат тэхнічных навук Юрый Гецэвіч.

a28c06958b5e8510fe40c4153c3630c9

Так выглядае адна са старонак мабільнага прыстасавання KrokApp

Ідэя зрабіць KrokApp нарадзілася пасля аналізу рынку, які паказаў: падобнага сэрвісу для беларускіх гарадоў няма, аўдыягід можна сустрэць толькі ў некаторых музеях. Прыстасаванне выклікала цікавасць у карыстальнікаў ужо на этапе стартапа – з Play Market яго спампавалі больш за 300 чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі. Пакуль яно толькі распавядае пра аб’екты, але пасля прывязкі да мапы і GPS-навігацыі стане і пракладаць да іх маршрут – праца над гэтым ужо ідзе. Англійская версія праграмы будзе не толькі карысная замежным гасцям, але спатрэбіцца і беларусам, якія вывучаюць замежную мову. А беларускі і рускі варыянты дапамогуць нам лепш даведацца пра сваю гісторыю і культуру. Пакуль прыкладанне даступна толькі для карыстальнікаў, чый тэлефон працуе на платформе Android, але хутка будзе адаптавана для Windows.

Крыніца: http://www.sb.by/turizm-2/article/gid-v-karmane-27-07-2016.html

Спампаваць (PDF, 802KB)

Калі Вы знайшлі ў тэксце памылку правапісу, калі ласка, выдзеліце гэты тэкст і націсніце Ctrl+Enter.