“Дэманстрацыйны сэрвіс” з’яўляецца гатовым задзелам з адкрытым зыходным кодам для стварэння будучых сэрвісаў інтэрнэт-платформы для апрацоўкі тэксту і маўлення www.corpus.by. Таксама сэрвіс дэманструе магчымы прынцып працы будучых сэрвісаў, створаных на яго аснове. На ўваход дэманстрацыйнаму сэрвісу падаецца электронны тэкст, карыстальнік абірае любыя чэкбоксы, кнопку і опцыю, і пасля націскання кнопкі “Паказаць уведзены тэкст і абраныя наладкі” сэрвіс выводзіць фактычную інфармацыю аб тым, які тэкст быў уведзены і якія наладкі абраныя.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Адкрытае праграмнае забеспячэнне (англ. open-source software) – праграмнае забеспячэнне з адкрытым зыходным кодам. Зыходны код такіх праграм даступны для прагляду, вывучэння і ўнясення змен, што дазваляе карыстальніку прымаць удзел у дапрацоўцы самой адкрытай праграмы, выкарыстоўваць код для стварэння новых праграм і выпраўлення ў іх памылак праз запазычанне зыходнага коду, калі гэта дазваляе сумяшчальнасць ліцэнзій, альбо праз вывучэнне выкарыстаных алгарытмаў, структур дадзеных, тэхналогій, методык і інтэрфейсаў (паколькі зыходны код можа сутнасна дапаўняць дакументацыю, а пры яе адсутнасці сам з’яўляецца дакументацыяй).
Адкрыты зыходны код (англ. open-source) – зыходны код, даступны для прагляду і ўнясення змен. Яго наяўнасць дазваляе выкарыстоўваць ужо створаны код для стварэння новых версій праграмы, для выпраўлення памылак і дапамогі ў дапрацоўцы адкрытай праграмы.
Закрыты зыходны код праграмы азначае, што распаўсюджваюцца толькі скампіляваныя версіі праграмы і ліцэнзія прадугледжвае адсутнасць доступу да зыходнага кода праграмы, што абцяжарвае стварэнне мадыфікацый праграмы. Доступ да зыходнага кода трэцім асобам звычайна падаецца пры падпісанні пагаднення аб невыдаванні.
Зыходны код – тэкст камп’ютарнай праграмы на якой-небудзь мове праграмавання або мове разметкі, які можа быць прачытаны чалавекам.
Практычная каштоўнасць
Дадзены сэрвіс пакліканы палегчыць распрацоўку будучых сэрвісаў платформы www.corpus.by, а менавіта – адкрыты зыходны код сэрвісу з’яўляецца гатовым задзелам-асновай для распрацоўкі новых сэрвісаў. Наяўнасць адкрытага зыходнага коду таксама спрашчае камунікацыі з распрацоўшчыкамі, паколькі з’яўляецца простай і канкрэтнай прапановай для далейшага супрацоўніцтва.
Таксама дэманстрацыя самога прынцыпу працы сэрвісаў дае магчымасць кожнаму карыстальніку даведацца больш аб працы платформы www.corpus.by і лепш зразумець агульныя прынцыпы будовы асобных сэрвісаў.
Асаблівасці сэрвісу
Апісанне інтэрфейсу карыстальніка
Графічны інтэрфейс сэрвісу прадстаўлены на малюнку 1.
Малюнак 1 – Графічны інтэрфейс сэрвісу “Дэманстрацыйны сэрвіс”
Інтэрфейс змяшчае наступныя вобласці:
- вобласць уводу тэксту;
- выбар чэкбокса;
- выбар кнопкі-пераключальніка;
- выбар опцыі;
- спасылку на адкрыты зыходны код.
Карыстальніцкія сцэнары працы з сэрвісам
Сцэнар 1. Прагляд магчымага прынцыпу працы будучага сэрвісу
- Увесці ў поле ўводу электронны тэкст.
- Абраць любую колькасць чэкбоксаў альбо не абіраць ніякі.
- Абраць адну (любую) з кнопак-пераключальнікаў.
- Абраць адну (любую) з опцый.
- Націснуць “Паказаць уведзены тэкст і абраныя наладкі” і праглядзець вынік (малюнак 2).
Малюнак 2 – Вынікі дэманстрацыі магчымага прынцыпу працы будучага сэрвісу
Сцэнар 2. Азнаямленне і праца з адкрытым зыходным кодам
- Націснуць спасылку на адкрыты зыходны код, якая размяшчаецца ўнізе старонкі сэрвісу. Пачнецца спампоўка zip-архіва пад назвай “corpus1by_2017-02-07.zip”.
- Адкрыць спампаваны архіў, азнаёміцца са змешчанымі ў ім файламі (малюнкі 3, 4).
- Пачаць распрацоўку новага сэрвісу на аснове зыходнага коду.
Малюнак 3 – Змест zip-архіву “corpus1by_2017-02-07.zip”
Малюнак 4 – Змест тэчкі “ServiceDemonstrator” zip-архіву “corpus1by_2017-02-07.zip”
Спасылкі на крыніцы
Старонка сэрвісу: http://corpus.by/ServiceDemonstrator/?lang=be
(Беларуская) Калі Вы знайшлі ў тэксце памылку правапісу, калі ласка, выдзеліце гэты тэкст і націсніце Ctrl+Enter.