Дэманстрацыйны сэрвіс


Дэманстрацыйны сэрвіс з’яўляецца гатовым задзелам з адкрытым зыходным кодам для стварэння будучых сэрвісаў інтэрнэт-платформы для апрацоўкі тэксту і маўлення www.corpus.by. Таксама сэрвіс дэманструе магчымы прынцып працы будучых сэрвісаў, створаных на яго аснове. На ўваход дэманстрацыйнаму сэрвісу падаецца электронны тэкст, карыстальнік абірае любыя чэкбоксы, кнопку і опцыю, і пасля націскання кнопкі “Паказаць уведзены тэкст і абраныя наладкі” сэрвіс выводзіць фактычную інфармацыю аб тым, які тэкст быў уведзены і якія наладкі абраныя.

 

Асноўныя тэрміны і паняцці

Адкрытае праграмнае забеспячэнне (англ. open-source software) – праграмнае забеспячэнне з адкрытым зыходным кодам. Зыходны код такіх праграм даступны для прагляду, вывучэння і ўнясення змен, што дазваляе карыстальніку прымаць удзел у дапрацоўцы самой адкрытай праграмы, выкарыстоўваць код для стварэння новых праграм і выпраўлення ў іх памылак праз запазычанне зыходнага коду, калі гэта дазваляе сумяшчальнасць ліцэнзій, альбо праз вывучэнне выкарыстаных алгарытмаў, структур дадзеных, тэхналогій, методык і інтэрфейсаў (паколькі зыходны код можа сутнасна дапаўняць дакументацыю, а пры яе адсутнасці сам з’яўляецца дакументацыяй).

Адкрыты зыходны код (англ. open-source) – зыходны код, даступны для прагляду і ўнясення змен. Яго наяўнасць дазваляе выкарыстоўваць ужо створаны код для стварэння новых версій праграмы, для выпраўлення памылак і дапамогі ў дапрацоўцы адкрытай праграмы.

Закрыты зыходны код праграмы азначае, што распаўсюджваюцца толькі скампіляваныя версіі праграмы і ліцэнзія прадугледжвае адсутнасць доступу да зыходнага кода праграмы, што абцяжарвае стварэнне мадыфікацый праграмы. Доступ да зыходнага кода трэцім асобам звычайна падаецца пры падпісанні пагаднення аб невыдаванні.

Зыходны код – тэкст камп’ютарнай праграмы на якой-небудзь мове праграмавання або мове разметкі, які можа быць прачытаны чалавекам.

 

Практычная каштоўнасць

Дадзены сэрвіс пакліканы палегчыць распрацоўку будучых сэрвісаў платформы www.corpus.by, а менавіта – адкрыты зыходны код сэрвісу з’яўляецца гатовым задзелам-асновай для распрацоўкі новых сэрвісаў. Наяўнасць адкрытага зыходнага коду таксама спрашчае камунікацыі з распрацоўшчыкамі, паколькі з’яўляецца простай і канкрэтнай прапановай для далейшага супрацоўніцтва.

Таксама дэманстрацыя самога прынцыпу працы сэрвісаў дае магчымасць кожнаму карыстальніку даведацца больш аб працы платформы www.corpus.by і лепш зразумець агульныя прынцыпы будовы асобных сэрвісаў.

 

Асаблівасці сэрвісу

 

 

Апісанне інтэрфейсу карыстальніка

Графічны інтэрфейс сэрвісу прадстаўлены на малюнку 1.

Малюнак 1 – Графічны інтэрфейс сэрвісу “Дэманстрацыйны сэрвіс”

Інтэрфейс змяшчае наступныя вобласці:

  • вобласць уводу тэксту;
  • выбар чэкбокса;
  • выбар кнопкі-пераключальніка;
  • выбар опцыі;
  • спасылку на адкрыты зыходны код.

 

Карыстальніцкія сцэнары працы з сэрвісам

Сцэнар 1. Прагляд магчымага прынцыпу працы будучага сэрвісу

  1. Увесці ў поле ўводу электронны тэкст.
  2. Абраць любую колькасць чэкбоксаў альбо не абіраць ніякі.
  3. Абраць адну (любую) з кнопак-пераключальнікаў.
  4. Абраць адну (любую) з опцый.
  5. Націснуць “Паказаць уведзены тэкст і абраныя наладкі” і праглядзець вынік (малюнак 2).

Малюнак 2 – Вынікі дэманстрацыі магчымага прынцыпу працы будучага сэрвісу

 

Сцэнар 2. Азнаямленне і праца з адкрытым зыходным кодам

  1. Націснуць спасылку на адкрыты зыходны код, якая размяшчаецца ўнізе старонкі сэрвісу. Пачнецца спампоўка zip-архіва пад назвай “corpus1by_2017-02-07.zip”.
  2. Адкрыць спампаваны архіў, азнаёміцца са змешчанымі ў ім файламі (малюнкі 3, 4).
  3. Пачаць распрацоўку новага сэрвісу на аснове зыходнага коду.

Малюнак 3 – Змест zip-архіву “corpus1by_2017-02-07.zip”

Малюнак 4 – Змест тэчкі “ServiceDemonstrator” zip-архіву “corpus1by_2017-02-07.zip”

 

Спасылкі на крыніцы

Старонка сэрвісу: http://corpus.by/ServiceDemonstrator/?lang=be

Калі Вы знайшлі ў тэксце памылку правапісу, калі ласка, выдзеліце гэты тэкст і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментарый

Your email address will not be published. Required fields are marked *