Генератар парадыгмы слова


Сэрвіс Генератар парадыгмы слова дазваляе атрымаць парадыгму слова. На ўваход сэрвісу даецца слова ці яго словаформы, сэрвіс ажыццяўляе пошук парадыгмы па слоўніку, і пры адсутнасці гатовай парадыгмы на выхадзе карыстальнік атрымлівае згенераваную парадыгму ўведзенага слова ці парадыгмы, створаныя на падставе падобных па напісанні слоў. Выніковыя згенераваныя парадыгмы маюць націск, пазначаны сімвалам “+”, і спецыяльныя тэгі, аддзеленыя ад слова ніжнім падкрэсліваннем “_”.

 

Асноўныя тэрміны і паняцці

Граматычнае значэнне слова – характарыстыка слова з пункту гледжання яго прыналежнасці да пэўнай граматычнай катэгорыі. Граматычнымі катэгорыямі з’яўляюцца, напрыклад, значэнні роду, ліку, склону, скланення, ладу, трывання і г.д. Граматычныя значэнні дапамагаюць класіфікаваць лексіку мовы. Напрыклад, назоўнікі дрэва і сонца маюць розныя лексічныя, але аднолькавае граматычнае значэнне – гэта назоўнікі, агульныя, неадушаўлёныя, ніякага роду, у адзіночным ліку, назоўнага склону [1].

Лексема, або Парадыгматычнае слова – слова як абстрактная (пазатэкставая, слоўнікавая) адзінка дадзенай мовы [2, с. 20].

Лема – пачатковая форма слова. Напрыклад, для назоўнікаў гэта форма назоўнага склону, адзіночнага ліку (аблокаў – лема воблака).

Парадыгма – сукупнасць усіх словаформаў слова. Напрыклад, дрэва, дрэва, дрэву, дрэва, дрэвам, дрэве, дрэвы, дрэваў, дрэвам, дрэвы, дрэвамі, дрэвах.

Слова – адна з асноўных структурных адзінак мовы, якая служыць для наймення паняццяў.

Словаформа ці форма слова – выяўляе розныя граматычныя значэнні слова пры захаванні яго лексічнага значэння.

NooJ – праграмнае забеспячэнне для распрацоўкі лінгвістычных працэсаў [3, 4].

Словаформы адной лексемы маюць словаўтваральную парадыгму (дрэва, дрэву, дрэве і г.д.), якая і з’яўляецца вынікам працы дадзенага сэрвісу.

 

Практычная каштоўнасць

Сэрвіс дапамагае пры стварэнні лінгваакустычных рэсурсаў, у прыватнасці слоўнікаў. Напрыклад, пры дапамозе гэтага сэрвісу створаны слоўнікі іншага сэрвісу платформы www.corpus.by “Праверка правапісу”, а менавіта гэта карыстальніцкія слоўнікі беларускай мовы S2016_01 [5], S2016_03 [6]. Таксама вынікі працы сэрвісу з’яўляюцца карыснымі ў індывідуальным карыстанні пры патрэбе даведацца тую ці іншую форму слова.

 

Асаблівасці сэрвісу

Пры працы сэрвісу выкарыстоўваецца слоўнік SBM1987, створаны паводле публікацыі “Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / пад рэд. М.В. Бірылы. – Мінск, 1987” [4], які таксама задзейнічаны ў працы сэрвісу “Праверка правапісу”.

Тэгі, якія выводзяцца пасля сімвала “_”, дапамагаюць пазначыць граматычнае значэнне слова, напрыклад, часціну мовы, род, лік, склон і да г.п., і генераваць парадыгмы ўваходнага слова на падставе падобных слоў з такім жа граматычным значэннем (калі ўваходнага слова няма ў слоўніку сэрвісу). Дадзеныя тэгі неабходныя непасрэдна для працы сэрвісу і на цяперашні момант не знаходзяцца ў свабодным доступе. У далейшым яны будуць рэалізаваныя ў выглядзе элементаў карыстальніцкага інтэрфейсу, а менавіта выпадаючых меню, якія дадуць магчымасць паслядоўна задаць патрэбнае граматычнае значэнне слова. На цяперашні момант карыстальнік можа выбраць толькі часціну мовы ўведзенага слова ў выпадаючым меню.

На цяперашні момант сэрвіс генеруе парадыгмы для слоў на беларускай мове. Асваенне сэрвісам апрацоўкі слоў на іншых мовах магчыма пры даданні слоўнікаў і лінгваакустычных рэсурсаў гэтых моў адпаведна.

 

Апісанне інтэрфейсу карыстальніка

Графічны інтэрфейс сэрвісу прадстаўлены на малюнку 1.

Малюнак 1 – Графічны інтэрфейс сэрвісу “Генератар парадыгмы слова”

Інтэрфейс змяшчае наступныя вобласці:

  • поле ўводу словаформ(ы);
  • выбар спосабу апрацоўкі (слоўніка);
  • дапаможны выбар тэга і/ці часціны мовы;
  • кнопка “Згенераваць магчымыя парадыгмы!”, якая запускае апрацоўку і дае магчымасць атрымаць вынікі.

 

Карыстальніцкія сцэнары працы з сэрвісам

Сцэнар 1. Генерацыя адсутнай у слоўніку парадыгмы паводле падобных па напісанні слоў

  1. Увесці ў поле ўводу патрэбнае слова і/ці яго словаформы (напрыклад, аўдыягід).
  2. Ніжэй поля ўводу пазначыць “Апрацоўка паводле слоўніка словаформ”.
  3. Для атрымання не ўсіх магчымых, а толькі найбольш блізкіх да правільнага варыянтаў парадыгм у полі “Усе часціны мовы” пазначыць часціну мовы (аўдыягід – гэта назоўнік). Пры гэтым удакладненні будуць прапанаваныя толькі парадыгмы, складзеныя на падставе падобных слоў абранай часціны мовы.
  4. Націснуць “Згенераваць магчымыя парадыгмы!” і атрымаць вынік. Cэрвіс знойдзе падобныя па напісанні словы і прапануе карыстальніку парадыгмы, створаныя на іх прыкладзе. Адсутнасць парадыгмы ў слоўніку будзе пазначана выразам #Парадыгма складзена на падставе наступных слоў (малюнак 2).
  5. Разглядзець прапанаваныя парадыгмы і абраць адпаведную ці найбольш блізкую да правільнай парадыгму, і пры неабходнасці ўнесці ў яе праўкі.

Напрыклад, у слоўніку сэрвісу адсутнічае парадыгма слова аўдыягід. Пры выкананні сцэнара 1 працы з сэрвісам у выніку будуць паказаныя парадыгмы, складзеныя на падставе ўсіх падобных па напісанні слоў, знойдзеных у слоўніку – гід, альдэгід, поліфармальдэгід, фармальдэгід, агід, эгід (малюнак 2).

 

Малюнак 2 – Вынікі генерацыі парадыгмы паводле слоўніка словаформ, калі парадыгма адсутнічае ў слоўніку і складзена на падставе падобных па напісанні слоў

Відавочна, што найбольш блізкай да правільнай з’яўляецца парадыгма, складзеная на падставе слова гід, але ў дадзенай парадыгме згенераваныя неадпаведныя словаформы вінавальнага склону адзіночнага і множнага лікаў, паколькі гід – адушаўлёны назоўнік, а аўдыягід – неадушаўлёны. Парадыгмы, складзеныя на падставе астатніх слоў, змяшчаюць яшчэ больш неадпаведнасцяў, паколькі за прыклад сэрвісам былі ўзятыя неадушаўлёныя словы (альдэгід, поліфармальдэгід, фармальдэгід) і словаформы слоў жаночага роду (агіда, эгіда).

Могуць узнікнуць складанасці пры генераванні парадыгм рэдкаўжывальных, спецыфічных ці новых у мове слоў. Так, да слова агмень сэрвіс прапануе 17 варыянтаў парадыгм, складзеных на падставе назоўнікаў з разнастайнымі граматычнымі значэннямі. У падобных выпадках пры выбары парадыгмы карыстальнік мусіць абапірацца на ўласныя веды і тэматычную літаратуру (слоўнікі, даведнікі і г.д.).

 

Сцэнар 2. Пошук парадыгмы слова паводле слоўніка словаформ

  1. Увесці ў поле ўводу патрэбнае слова і/ці яго словаформы (напрыклад, дрэва).
  2. Ніжэй поля ўводу пазначыць “Апрацоўка паводле слоўніка словаформ”.
  3. Для паскарэння працы сэрвісу ў полі “Усе часціны мовы” можна абраць часціну мовы (дрэва – гэта назоўнік).
  4. Націснуць “Згенераваць магчымыя парадыгмы!” і атрымаць вынік. Знойдзеная ў слоўніку парадыгма будзе пазначана выразам #Парадыгма знойдзена ў слоўніку (малюнак 3).

Малюнак 3 – Вынік генерацыі парадыгмы паводле слоўніка словаформ, калі парадыгма знойдзена ў слоўніку

Пры ўвядзенні некарэктнага запісу (знакі прыпынку, лічбы, лацінскія сімвалы, тэкст вялікага памеру і г.д.) сэрвіс паведаміць пра гэта адпаведнай пазнакай. Напрыклад, пры ўводзе выразу зялёнае дрэва,%7# будзе атрыманы наступны запіс:

зялёнае дрэва,%7# – некарэктны запіс
прыклад карэктнага запісу: загадчык

 

Сцэнар 3. Генерацыя парадыгмы слова паводле флексійнага слоўніка NooJ

  1. Увесці ў поле ўводу патрэбнае слова і/ці яго словаформы, аддзяляючы пераходамі на новы радок. (Напрыклад, клад,NOUN кладзе,NOUN кладамі,NOUN).
  2. Ніжэй поля ўводу пазначыць “Апрацоўка паводле флексійнага слоўніка NooJ”. Для карэктнай працы дадзенага слоўніка не павінна быць пазначана часціна мовы.
  3. Націснуць “Згенераваць магчымыя парадыгмы!” і атрымаць вынік (малюнак 4).

Малюнак 4 – Вынікі генерацыі парадыгмы паводле флексійнага слоўніка NooJ

Пасля атрымання вынікаў працы па гэтым сцэнары карыстальнік таксама павінны ўважліва разгледзець прапанаваныя парадыгмы і абраць правільную.

 

Спасылкі на крыніцы

Старонка сэрвісу: http://corpus.by/WordParadigmGenerator/?lang=be

 

Перакрыжаваныя спасылкі

  1. Грамматическое значение слова
  2. Зализняк А.А. «Русское именное словоизменение» с приложением избранных работ по современному русскому языку и общему языкознанию. – М. : Языки славянской культуры, 2002. – I-VIII. – 752 с.
  3. NooJ на Вікіпедыі
  4. Афіцыйная старонка NooJ
  5. Карыстальніцкі слоўнік беларускай мовы сэрвісу “Праверка правапісу” S2016_01
  6. Карыстальніцкі слоўнік беларускай мовы сэрвісу “Праверка правапісу” S2016_03
  7. Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / пад рэд. М.В. Бірылы. – Мінск, 1987.

Калі Вы знайшлі ў тэксце памылку правапісу, калі ласка, выдзеліце гэты тэкст і націсніце Ctrl+Enter.